Афрыканскае камандаваньне Ўзброеных сілаў ЗША выступіла ў аўторак з заявай, у якой сьцьвярджаецца, што Расея нядаўна перакінула ў Лібію баявыя самалёты для падтрымкі наймітаў, якія ваююць у Лібіі на баку ўзброеных фармаваньняў генэрала Халіфы Хафтара.
На сайце амэрыканскага камандаваньня таксама прыведзеныя некалькі фатаграфій самалётаў, якія, як сьцьвярджаецца, маглі прыбыць у Лібію.
У заяве гаворыцца, што самалёты прыбылі з авіябазы ў Расеі транзытам праз Сырыю, дзе іх перафарбавалі, каб схаваць знакі іх прыналежнасьці да расейскай авіяцыі.
Па словах кіраўніка Афрыканскага камандаваньня генэрала Стывэна Таўнсэнда, Расея доўгі час адмаўляла свой удзел у канфлікце ў Лібіі, аднак цяпер «перастала яго хаваць». Ён падкрэсьліў, што ні Лібійская нацыянальная армія Хафтара, ні аддзелы наймітаў так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, што ваююць на яе баку, самі не валодаюць баявымі самалётамі чацьвёртага пакаленьня, якія прыбылі ў Лібію.
«Расейскія пілёты-найміты будуць лётаць на пастаўленых з Расеі самалётах і бамбіць лібійцаў», — сказаў амэрыканскі генэрал.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін пра расейскіх наймітаў у Лібіі: «Не прадстаўляюць інтарэсы Расеі і грошай ад яе не атрымліваюць»У заяве падкрэсьліваецца, што дзеяньні Расеі цягнуць за сабой падаўжэньне лібійскага канфлікту і павелічэньне колькасьці яго ахвяраў. Пры гэтым Расея кіруецца, падтрымліваючы Хафтара, далёкасяжнымі стратэгічнымі меркаваньнямі. На думку амэрыканскага камандаваньня, Расея імкнецца зацьвердзіцца на ўзьбярэжжы Лібіі і разгарнуць там сыстэмы абмежаваньня доступу і манэўру, што, у сваю чаргу, паставіць пад пагрозу паўднёвую Эўропу. Дзеяньні Расеі ў Лібіі таксама спрыяюць павелічэньню патоку мігрантаў у Эўропу.
Міністэрства абароны Расеі пакуль не камэнтавала сьцьвярджэньні амэрыканскага камандаваньня.
Пра перакіданьне ў Лібію ня менш як васьмі вайсковых самалётаў, як мяркуецца расейскіх, раней паведамляла агенцтва Bloomberg. Яно сьцьвярджала, што самалёты прыбылі ў Лібію з вайсковай базы Хмеймім у Сырыі. Як сьцьвярджаецца, авіяцыя павінна падтрымаць апэрацыі Хафтара. Масква гэтую інфармацыю не пракамэнтавала.
Сайт The Drive, прааналізаваўшы спадарожнікавыя фатаграфіі самалётаў, раней паставіў пад сумнеў іх расейскую прыналежнасьць. Сярод гэтых самалётаў ня менш за шэсьць зьнішчальнікаў МіГ-29 і два штурмавікі Су-24, пры гэтым МіГ-29 у расейскай паветранай кампаніі ў Сырыі не ўжываліся. У матэрыяле сьцьвярджаецца, што, па дадзеных крыніц, зьнішчальнікі войскам Хафтара маглі перадаць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, набыўшы іх у Беларусі. Ня выключаныя таксама вэрсіі аб пастаўках з Эгіпту. Гэтыя краіны падтрымліваюць Хафтара і актыўна забясьпечваюць яго зброяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЧВК Вагнера» супраць «Гвардыі султана». Як Расея і Турэччына могуць сутыкнуцца ў ЛібііХафтар заяўляў пра гатоўнасьць узмацніць паветраныя ўдары па войсках Ураду нацыянальнай згоды. Пакуль, аднак, не паведамлялася пра факты ўдзелу самалётаў, што нядаўна прыбылі ў Лібію, у баявых дзеяньнях — нягледзячы на тое, што на фронце пад Трыпалі войскі Хафтара якраз церпяць няўдачы.
Напярэдадні турэцкая прэса паведамляла, што байцы ЧВК Вагнэра пакінулі перадавую і былі эвакуаваныя ў тыл.
- У Лібіі ідзе грамадзянская вайна. Цяпер захад і сталіцу Лібіі кантралюе Ўрад нацыянальнай згоды. Яго падтрымліваюць ААН, заходнія краіны, Турэччына і Катар. Усход і частка поўдня краіны знаходзяцца пад кантролем Палаты прадстаўнікоў Лібіі. Яна была абраная ў 2014 годзе і вядомая як «урад у Табруку». Яе падтрымлівае Лібійская нацыянальная армія на чале з генэралам Халіфой Хафтарам, які абвясьціў сябе нядаўна адзінай уладай у краіне. Яму, у сваю чаргу, дапамагаюць ААЭ і Эгіпет. Хафтар неаднаразова наведваў Маскву, вёў перамовы з высокапастаўленымі расейскімі прадстаўнікамі. Афіцыйна Расея не падтрымлівае ніводзін бок канфлікту.
- На пачатку 2020 году Ўладзімер Пуцін і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган выступілі з ініцыятывай спыненьня агню і баявых дзеяньняў у Лібіі з 12 студзеня. Хафтар гэтую прапанову адхіліў. Эрдаган сьцьвярджаў, што на баку Хафтара дзейнічаюць 2 тысячы расейскіх наймітаў. Афіцыйная Масква заяўляе, што калі ў Лібіі і ёсьць расейскія грамадзяне, яны не прадстаўляюць расейскія сілавыя структуры.
-
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвінавацілі расейскія войскі ў Лібіі ў дэстабілізацыі сытуацыі