Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала заявіў 26 траўня на перадвыбарчым пікеце ў Менску, што кандыдаты знаходзяцца ў няроўных умовах.
Валер Цапкала адзначыў, што 200 тысяч подпісаў за Аляксандра Лукашэнку маглі сабраць толькі «калі пайсьці па ўсіх заводах і пачаць зьбіраць у прымусовым парадку», перадае БелаПАН.
«Трэба разумець проста, што кандыдаты знаходзяцца ў абсалютна няроўных умовах, — казаў Цапкала. — У кагосьці ёсьць адміністрацыйны рэсурс, у кагосьці ёсьць проста вельмі вялікія грошы, а камусьці прыходзіцца абапірацца на энтузіязм людзей».
Колькі подпісаў сабрала ягоная ініцыятыўная група, ён вырашыў пакуль не казаць — маўляў, яшчэ толькі чацьвёрты дзень збору. Але заявіў, што ягоная каманда нацэленая на 120 тысяч подпісаў, вядзе збор ва ўсіх абласных і буйных раённых цэнтрах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хацеў бы агалошваць асаблівасьці ўгоды». Як і хто набыў дом Цапкалы?Ініцыятыўная група Цапкалы параўнальна малая — 884 чалавекі. У групе Аляксандра Лукашэнкі, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, 11 480 чалавек, у банкіра Віктара Бабарыкі — 8904. Большыя ініцыятыўныя групы маюць таксама Алег Гайдукевіч, Сяргей Чэрачань, Ганна Канапацкая, Андрэй Дзьмітрыеў.
Фармаваньне штабоў, адзначыў Цапкала, адбываецца «лётма», бо Канстытуцыя на фармаваньне ініцыятыўнай групы адводзіць два месяцы, «а па факце быў дадзены адзін тыдзень». Чальцы ягонай каманды пакуль не падавалі заяваў на ўключэньне ў выбарчыя камісіі.
На пытаньне аб тым, ці верыць ён у справядлівасьць падліку галасоў на выбарах, Цапкала адказаў:
«Натуральна, гэтае пытаньне паўстане досыць востра. Я пакуль не хацеў бы на яго адказваць, але я абавязкова адкажу, калі буду зарэгістраваны ў якасьці кандыдата».
Пасьля менскага пікету Цапкала паехаў на пікет у Магілёў, неўзабаве зьбіраецца таксама наведаць Бабруйск, Гомель і Жлобін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рафінавана-ванільны выступ» і аплядысмэнты за ангельскую мову. Як Цапкала наведаў ГораднюГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына патлумачыла, чаму не зарэгістравалі групу Ціханоўскага, а апазыцыю не ўключаюць у выбаркамы
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.