У Беларусі завяршыўся найдаўжэйшы ў гісторыі ацяпляльны сэзон

Ацяпляльны сэзон 2019/2020 быў рэкордна працяглым у Беларусі — звыш 8 месяцаў. Ад 26 траўня яго завяршаюць: адключаюць ацяпленьне ў сталічных дзіцячых садках і школах, а таксама лякарнях.

Пра такое рашэньне Менгарвыканкам паведаміў быў 21 траўня. У Менску ацяпляльны сэзон пачаўся яшчэ 23 верасьня. У жылых і адміністрацыйных будынках ацяпленьне адключалі ад 8 траўня.

У Берасьцейскай вобласьці ацяпленьне ўключылі 3 кастрычніка, адключалі ад 29 красавіка; у Віцебскай — ад 28 верасьня да 19 красавіка; у Гомельскай — ад 24 верасьня да 24 красавіка, у Горадзенскай — ад 24 верасьня да 23 красавіка, у Магілёўскай — ад 23 верасьня да 29 красавіка.

Хоць у апошнюю каляндарную зіму не было кліматычнай зімы, вясна выдалася даволі халоднай, даходзіла і да сьнегу ў сярэдзіне траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 месяцы лета, 93 мільёны даляраў стратаў. Як на Беларусь уплывае зьмена клімату