Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачнуць барацьбу з дзьмухаўцамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вынішчаць расьліну пачнуць з газонаў. Ужо распрацаваны адмысловы сродак.

Чысьціць газоны ад пустазельля будуць пры дапамозе новага гербіцыду. Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» паведаміла кіраўнік службы добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд» Анжаліка Пузанкова.

Навукоўцы з Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі распрацавалі для менскіх азеляняльнікаў рэкамэндацыі, як ужываць на гарадзкіх газонах прэпараты, што перашкаджаюць росту і разьвіцьцю дзьмухаўца. Яны падабралі і выпрабавалі склад, які ўключае ў сябе гербіцыд «Магнум», эфэктыўны супраць пустазельля, а таксама стымулятары росту газонных траваў.

Новы прэпарат тэставалі летась на ўчастку праспэкту Незалежнасьці ад вайсковага мястэчка да выезду з гораду. Там дзьмухаўцы з газону зьніклі, а шматгадовыя травы засталіся цэлымі.

— Гэты сродак бясьпечны для навакольнага асяродзьдзя і эфэктыўны. Пачнем выкарыстоўваць яго на гарадзкіх газонах, калі пацяплее і ўсталюецца сухое надвор’е, — распавяла Анжаліка Пузанкова.

Яна дадала, што ў сталіцы апрацоўвалі газоны супраць дзьмухаўцоў і раней, але толькі на асобных участках асноўных гарадзкіх праспэктаў, бо папярэднія прэпараты патрабавалі вялікіх выдаткаў. Сярод перавагаў новай сумесі даступная цана і невялікі выдатак, што дазволіць чысьціць ад пустазельля больш газонаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG