Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае намер да выбараў сфармаваць новы склад ураду. Што стаіць за гэтым ягоным ходам?
Сьцісла
- Лукашэнка прызнаў, што на ягоную перамогу працуе ўся дзяржаўная машына. А гэта супярэчыць дэмакратычным стандартам.
- Кіраўнік дзяржавы заявіў, што заўсёды напярэдадні выбараў у Беларусі мяняецца ўрад. Насамрэч раней такога не было.
- Лукашэнка адчувае калясальную незадаволенасьць грамадзтва ўладамі. Вельмі натуральна ў такой сытуацыі зрабіць урад громаадводам.
- Уся ўвага грамадзкасьці цяпер зьвернута на альтэрнатыўных кандыдатаў. Зьмена ўраду — гэта тое, што можа на кароткі час вярнуць цікавасьць да Лукашэнкі.
У панядзелак 25 траўня Лукашэнка правёў нараду «па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаньнях». Ён шмат гаварыў пра эканоміку, пандэмію. Але, здаецца, усё гэта было дымавой заслонай, адцягваньнем увагі ад галоўнай тэмы. Бо дзіўна праводзіць нараду «па сацыяльна-эканамічных пытаньнях» без удзелу чальцоў ураду.
Склад удзельнікаў гэтага мерапрыемства не пакідае сумненьня, што яно было прысьвечана тэме выбараў. Гэта
- кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка,
- старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава,
- кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман,
- старшыня ФПБ, кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міхаіл Орда.
Кіраўнік дзяржавы спрабаваў гэты факт замаскаваць, казаў, што яму няма калі займацца сваёй выбарчай кампаніяй, шмат дзяржаўнай працы. Але шыла ў мяшку схаваць цяжка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў аўтарам Telegram-каналаў, якія «чапляюць уладу за што папала»Што ў дэмакратычных краінах лічыцца нонсэнсам, у Беларусі норма
Вельмі паказальным і знамянальным быў наступны сюжэт з выступу Лукашэнкі. Ён папрасіў давесьці да ўсіх службовых асоб наступны пасыл:
«Мы здаём экзамэн. Экзамэн народу. І ня толькі я. Але ўсе мы, уся дзяржаўная сыстэма ўлады. І мы павінны паказаць сваю здольнасьць кіраваць дзяржавай».
Чым адметная гэтая тырада?
Галоўнае прынцыповае адрозьненьне беларускіх выбараў ад сапраўдных свабодных выбараў палягае ў ролі дзяржавы.
Аксіёма дэмакратычнай выбарчай кампаніі — нэўтралітэт дзяржаўных інстытутаў, іх неўмяшаньне ў барацьбу розных кандыдатаў і палітычных сіл. У Беларусі ж органы ўлады — галоўны суб’ект выбараў.
На забесьпячэньне патрэбнага выніку працуе ўся дзяржаўная машына. Самае дзіўнае, што гэтую ролю дзяржавы ніхто не зьбіраецца хаваць, пра што і сказаў Лукашэнка. Тое, што ў дэмакратычных краінах лічыцца нонсэнсам, у Беларусі норма.
У выніку ўсе апанэнты Лукашэнкі змагаюцца ня зь ім, а з усёй дзяржаўнай машынай. Ня дзіва, што кіраўніца ЦВК сёньня ў інтэрвію Naviny.by назвала агітацыю некаторых кандыдатаў часткай «антыдзяржаўнага пляну». У межах згаданай парадыгмы яно так і ёсьць: выступ супраць Лукашэнкі ёсьць выступ супраць дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына патлумачыла, чаму не зарэгістравалі групу Ціханоўскага, а апазыцыю не ўключаюць у выбаркамыЛукашэнка ні разу не зьмяняў урад напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў
Яшчэ адзін важны пасыл прагучаў падчас нарады. Лукашэнка заявіў, што мае намер да выбараў сфармаваць новы склад ураду: «Мы заўсёды пасьля рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты дзейнага прэзыдэнта абвяшчалі новы склад ураду. Да выбараў. Гэта было прынцыповае пытаньне, каб людзі бачылі, з кім мы будзем працаваць».
Насамрэч такога раней ніколі не было. Ні разу Лукашэнка не зьмяняў урад напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Адзіны выпадак, які неяк можна прывязаць да гэтага пасылу, быў з урадам Андрэя Кабякова. Яго прызначылі 27 сьнежня 2014 году, а выбары адбыліся 11 кастрычніка 2015 году. То бок за 10 месяцаў да дня галасаваньня.
Але больш важна, чаго раптам Лукашэнка загарэўся гэтай ідэяй? Урад Сяргея Румаса яшчэ і двух гадоў не працуе (прызначаны 18 жніўня 2018 году). Найперш таму, што Лукашэнка адчувае калясальную незадаволенасьць грамадзтва ўладамі. Вельмі натуральна ў такой сытуацыі зрабіць урад маланкаадводам, які прыме на сябе ўдар народнага гневу і адвядзе яго ад сапраўднага віноўніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніводзін беларускі дзяржаўны тэлеканал не заўважыў шматлюднай акцыі каля КамароўкіЗь іншага боку, Лукашэнка імкнецца паказаць народу, што ён яго чуе, рэагуе на грамадзкія імпульсы, нешта ж робіць. Вось, напрыклад, урад мяняе.
І самае галоўнае. Уся ўвага грамадзкасьці цяпер зьвернута на альтэрнатыўных кандыдатаў. Яны апынуліся ў цэнтры інфармацыйных плыняў. На гэтым тле мала каму цікава, што там гаворыць нязьменны кіраўнік дзяржавы. Тым больш што кажа ён шмат гадоў адно і тое ж.
Лукашэнка апынуўся на пэрыфэрыі ўвагі. Для яго гэтая сытуацыя вельмі балючая. Таму трэба вярнуць цікавасьць, стаць у цэнтры мэдыйных паведамленьняў. Дзеля гэтага патрэбная нейкая гучная акцыя, піяр-ход, які стане заўважным для інфармацыйных рэсурсаў.
Зьмена ўраду — гэта тое, што можа вярнуць цікавасьць да Лукашэнкі. Праўда, усяго толькі на некалькі дзён. Але ў цяперашняй сытуацыі для Лукашэнкі і тое хлеб.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крэмль рыхтуе сабе «новага Лукашэнку». Шчырая гутарка зь Мілінкевічам пра пандэмію і палітыку
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.