«Ніхто зь іх ня мае ў камандзе прафэсійных паліттэхнолягаў». Карбалевіч пра першыя высновы з кампаніі

Мікола Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі

Каманды 15 прэтэндэнтаў пайшлі ў народ, пачалі зьбіраць подпісы. Асноўныя кандыдаты пачалі выступаць, даваць прэсавыя канфэрэнцыі ды інтэрвію, рабіць заявы, ладзіць пікеты і нават зьбіраць мітынгі. Ужо можна рабіць нейкія кароткія і вельмі папярэднія высновы.

Сьцісла:

  • Ніводзін з прэтэндэнтаў пакуль ня мае ў камандзе прафэсійных паліттэхнолягаў
  • Пікет прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага і Міколы Стакевіча ператвараўся ў мітынг. Гэта паказвае, які вялікі патэнцыял пратэсту назапашаны ў грамадзтве
  • Віктар Бабарыка прэзэнтуе вобраз эфэктыўнага мэнэджэра і спадзяецца, што калі яго падтрымае 80% выбарніккаў, то ўся лукашэнкаўская сыстэма паваліцца
  • Ганна Канапацкая пачала сваю кампанію з таго, што адкрыла агонь па сваіх суперніках

Першае, што кідаецца ў вочы, гэта тое, што, здаецца, ніводзін з прэтэндэнтаў пакуль ня мае ў камандзе прафэсійных паліттэхнолягаў, якія б дапамаглі пазьбегнуць відавочных праколаў. Ці то грошай на іх няма, ці адсутнічае разуменьне неабходнасьці зьвяртацца да такіх спэцыялістаў.

Даволі актыўна пачаў сваю кампанію блогер Сяргей Ціханоўскі, нечаканы выпушчаны з-за кратаў. У нядзелю ля Камароўкі сабраліся тысячы прыхільнікаў яго і Міколы Статкевіча. Гэта паказвае, які вялікі патэнцыял пратэсту назапашаны ў грамадзтве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пікет Ціханоўскага і Статкевіча на Камароўцы. ВІДЭА

Улады не далі блогеру магчымасьці зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, але не адмовілі ў рэгістрацыі ягонай жонцы Сьвятланы. Ход даволі тонкі. Здавалася б якая розьніца, усё роўна Сяргей будзе актыўна прымаць удзел у кампаніі. Але тут ёсьць нюанс.

Дзеля ілюстрацыі хачу прыгадаць адзін эпізод з навейшай гісторыі Расеі. У сярэдзіне 1990-х гадоў да аб’яднаньня Кангрэс рускіх абшчын (КРА), створаны Скокавым, Глазьевым Рагозіным, далучыўся генэрал Аляксандр Лебядзь. І адразу рэйтынг гэтай структуры хутка пайшоў уверх. Генэрал, які гаварыў кароткімі рубленымі фразамі, камандным голасам, даваў жорсткія ацэнкі сытуацыя ў краіне, быў папулярным і цягнуў за сабою КРА. Усе сацыёлягі прагназавалі кангрэсу вялікі электаральны посьпех. Аднак перад выбарамі ў Дзярждуму РФ 1995 году ў партыйным сьпісе Лебядзя паставілі другім нумарам. Гэта была ракавая памылка. І адразу ўсё пасыпалася, рэйтынг КРА паваліўся, аб’яднаньне нават не пераадолела бар’ер у 4% і не трапіла ў Думу.

Вось і ў нашым выпадку Сяргей Ціханоўскі ідзе другім нумарам. І куды будзе скіроўвацца ўвесь пратэстны патэнцыял, які ачольвае блогер?

Мэты сфармуляваныя няўцямна. Ён заклікае ня ўдзельнічаць у галасаваньні, байкатаваць выбары. Але чарга, якая расьцягнулася ад мэтро да Камароўкі, імкнулася менавіта паставіць подпіс у падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. То бок, пакуль паміж рознымі імпульсамі кандыдата пратэсту не атрымоўваецца рэзанансу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада мяне менш баіцца, чым апазыцыя», — вялікае інтэрвію зь Віктарам Бабарыкам

Бо, напрыклад, другі папулярны кандыдат Віктар Бабарыка спрабуе канвэртаваць набытую ў сацыяльных сетках вядомасьць ў галасы на выбарах. Ён выступае ў вобразе эфэктыўнага мэнэджэра.

Дарэчы, я не зусім згодны з распаўсюджаным меркаваньнем, што ён не дае адказу на пытаньне, на што разьлічвае, калі вынікі галасаваньня сфальсыфікуюць. Кандыдат даў адказ на сваёй прэсавай канфэрэнцыі 20 траўня. У перакладзе на зразумелую мову ён гучыць прыкладна так: калі яго падтрымае 80% выбарніккаў, то ўся лукашэнкаўская сыстэма паваліцца, намэнклятура падтрымае мацнейшага.

Можна, зразумела, сумнявацца ў слушнасьці такой надзеі. Але яшчэ ня было ў гісторыі беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў такой сытуацыі, каб апанэнт Лукашэнкі атрымаў электаральную перамогу, набраў больш галасоў, чым дзейны кіраўнік. І гэтым разам можа быць праведзены экспэрымэнт, тэставаньне ўстойлівасьці існага рэжыму.

Ганна Канапацкая пачала сваю кампанію з таго, што адкрыла агонь па сваіх суперніках. «Я пакуль не бачу канкурэнтаў», — сказала яна на прэсавай канфэрэнцыі. Потым стала бэсьціць Віктара Бабарыку, навешваючы на яго ярлык «рукі Масквы». Можна ўзгадаць, што на пачатку кампаніі «Праймэрыз» яна таксама давала вельмі нэгатыўныя ацэнкі сваіх калег-канкурэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рафінавана-ванільны выступ» і аплядысмэнты за ангельскую мову. Як Цапкала наведаў Горадню

Дарэчы, колькасны склад ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай (1313 чалавек) не дае падставаў спадзявацца на тое, каб сабраць 100 тысячаў подпісаў. Але тут Лукашэнка можа зрабіць такі ход. Зарэгістраваць Канапацкую кандыдатам у прэзыдэнты, каб яна, разам з Алегам Гайдукевічам цэлы месяц агітацыйнай кампаніі «мачыла» Бабарыку. Дыскрэдытаваць асноўнага суперніка рукамі яго канкурэнтаў, даць ім трыбуну ў дзяржаўных мэдыях, а самому стаяць у баку — чым не элегантнае рашэньне? Здаецца, кампанія абяцае быць багатай на падзеі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.