За мінулыя суткі ў Расеі зафіксавана 153 выпадкі сьмерці ад каранавіруснай інфэкцыі COVID-19. Гэта самая высокая колькасьць памерлых за ўвесь час эпідэміі. Новых выпадкаў інфэкцыі выяўлена амаль на тысячу менш, чым суткамі раней — 8599. Больш за 5,5 тысячы пацыентаў прызнаныя здаровымі. Такія дадзеныя прыводзіць апэратыўны штаб.
Усяго каранавірусная інфэкцыя названая прычынай сьмерці 3541 жыхара Расеі. Агульная колькасьць тых, хто быў інфіцыраваны (уключаючы ачунялых і памерлых) дасягнула амаль 345 тысяч. Гэта трэцяе месца ў сьвеце. Напярэдадні на другім месцы Расію зьмяніла Бразылія, дзе эпідэмія распаўсюджваецца больш хуткімі тэмпамі.
У той жа час тэмпы распаўсюджваньня інфэкцыі па афіцыйных дадзеных зьмяншаюцца. На піку за суткі выяўлялася 10-11 тысяч новых інфіцыраваных.