Прадстаўнікі Украіны, Вялікай Брытаніі, ЗША і Эстоніі адмовіліся ўдзельнічаць у пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, прысьвечанай сытуацыі ў анэксаваным Крыме.
Нефармальнае канфідэнцыйнае паседжаньне («па формуле Арыі») была ініцыявана Расеяй і прайшло ў онлайн-рэжыме 21 траўня. Мадэратарам быў расейскі сталы прадстаўнік пры ААН Васіль Нябензя, выступіць на ёй запрасілі прадстаўнікоў анэксаванага паўвострава Крым.
Як піша РБК, удзел у ім прынялі, у прыватнасьці, прадстаўнікі Нямеччыны, Францыі і Чэхіі. Удзел у паседжаньні 21 траўня прадстаўнікоў краін-сябраў Эўразьвязу супярэчыць іх пазыцыі па Крыме, згодна зь якой яны не прымаюць удзел у мерапрыемствах, арганізаваных краінай, якая анэксавала тэрыторыю іншай дзяржавы.
Пасяджэньні па «формуле Арыі» маюць на ўвазе кансультацыі, у якіх могуць прыняць удзел ня толькі дыпляматы, але і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый і грамадзкасьці. Такія сустрэчы не адносяцца непасрэдна да мерапрыемстваў Рады Бясьпекі ААН.
- Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым у сакавіку 2014 году па выніках так званага рэфэрэндуму, праведзенага ў прысутнасьці ўзброеных людзей у вайсковай форме бяз знакаў адрозьненьня. Яны высадзіліся на паўвостраў у канцы лютага і блякавалі крымскія адміністрацыйныя будынкі і ўкраінскія вайсковыя аб’екты.
- Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі.