Гішпанскія правыя пратэстуюць супраць карантыну

Падчас ранейшага пратэсту ў горадзе Алькаркон, 20 траўня 2020.

Крайне правая гішпанская партыя Vox зладзіла ў Мадрыдзе дэманстрацыю супраць карантынных захадаў, прынятых у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Пратэст падтрымалі аўтамабільнымі гудкамі тысячы аўтамабілістаў, якія праяжджалі вуліцамі гішпанскай сталіцы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Гішпанія ўвяла адзін з самых жорсткіх рэжымаў карантыну і локдаўну ў Эўропе, пачынаючы з 14 сакавіка. Апошнім часам урад пачаў паступова скасоўваць абмежаваньні, але Мадрыд і Барсэлёна застаюцца пад абмежаваньнямі.

Удзельнікі сёньняшняй акцыі заклікалі прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса і віцэ-прэмʼера Паблё Іглесіяса падаць у адстаўку. Правыя вінавацяць левы ўрад у нанясеньні шкоды эканоміцы і ў рэзкім росьце беспрацоўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: рэкордная колькасьць выпадкаў за суткі ў сьвеце, Бразылія апярэдзіла Расею

Лідэр партыі Vox Сантʼяга Абаскаль, які кіраваў шэсьцем у Мадрыдзе, у прамове заявіў, што ўрад «непасрэдна адказны за найгоршае кіраваньне гэтым крызісам на ўсёй плянэце».

На мінулым тыдні ў Мадрыдзе ўжо адбыліся стыхійныя акцыі пратэсту супраць карантыну. Але сёньняшняя — першая арганізаваная акцыя пратэсту з пачатку пандэміі.

Партыя Vox заклікала гішпанцаў ладзіць пратэсты ў кожнай сталіцы рэгіёнаў. Акцыі пратэсту аўтамабілістаў прайшлі сёньня таксама ў Сэвільлі і Барсэлёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 5 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю пра перанос экзамэнаў

Карантынныя меры ў Мадрыдзе і Барсэлёне будуць аслабленыя з панядзелка, паколькі эпідэмія ў краіне запавольваюцца. Усяго ў Гішпаніі зарэгістравана 234 824 выпадкаў захворваньня на COVID-19 і амаль 29 тысячаў выпадкаў сьмерці ад яго — 612 выпадкаў на мільён насельніцтва. У Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных, — 20 сьмерцяў на мільён насельніцтва, у 30 разоў меней, чым у Гішпаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першы тэст і КТ зрабілі празь месяц пасьля пачатку хваробы». 50-гадовая жанчына 7 тыдняў хварэла на дзіўную пнэўманію