Беларуская фэдэрацыя футболу (АБФФ) разаслала клюбам рэкамэндацыі аб працы ва ўмовах пандэміі, піша Tut.by. Дакумэнт узгоднены з дырэктаркай РНПЦ спорту Ірынай Малёванай. Сапраўднасьць дакумэнту пацьвердзілі прадстаўнік фэдэрацыі і адзін з клюбаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Нягледзячы на эпідэмію, беларускі футбольны чэмпіянат не спынялі — працяглы час Беларусь заставалася адзінай краінай Эўропы з актыўным футбольным чэмпіянатам, хоць скасаваньне масавых мерапрыемстваў было адной з рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя.
У ліку рэкамэндацый АБФФ:
- абмежаваньне знаходжаньня спартоўцаў у месцах масавых зграмаджэньняў людзей, карыстаньня грамадзкім транспартам; выкарыстаньне масак, пальчатак і дэзынфэкцыйных сродкаў пры неабходнасьці наведваньня грамадзкіх месцаў;
- штодзённы кантроль стану здароўя спартоўцаў і пэрсаналу: агляд, апытваньне, замер тэмпэратуры;
- адхіленьне ад трэніровак людзей з катаральнымі сымптомамі (насмарк, кашаль, высокая тэмпэратура), іх ізаляцыя да вызначэньня дыягназу;
- пры выяўленьні вірусу — ізаляцыя цэлай каманды з выкарыстаньнем сродкаў індывідуальнай засьцярогі;
- выяўленьне «кантактаў першага і другога ўзроўню», працяг удзелу ў гульнях «кантактаў» з адмоўным тэстам;
- выключэньне кантактаў з прэсай;
- і іншае.
Праз падазрэньні на COVID-19 у футбалістаў ФК «Менск» клюб прапусьціў два туры, таксама хваробу выявілі ў гульцоў «Тарпэда-БелАЗ», падазраюць у гульцоў іншых клюбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэнэр з Івацэвічаў патлумачыў разгром сваёй каманды страхам футбалістаў перад каранавірусамШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.