Урад Грузіі вырашыў не працягваць надзвычайнае становішча і камэнданцкую гадзіну і скасаваў гэтыя абмежаваньні з 23 траўня, паведаміў прэм’ер-міністар Грузіі Георгій Гахарыя.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле прэм’ера, «выклікі гэтай глябальнай пандэміі становяцца ўсё горш і горш, але ў той жа час мы абавязаныя павольна, але вельмі асьцярожна вяртаць краіну да нармальнага тэмпу жыцьця».
Грузія абвясьціла надзвычайнае становішча 21 сакавіка, таксама ў краіне да гэтага часу дзейнічае камэнданцкая гадзіна — з 21:00 да 06:00. Некаторы час быў забаронены ўезд і выезд з Тбілісі, Руставі, Батумі і Кутаісі, але на пачатку траўня абмежаваньні былі зьнятыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі зьбіраюцца з 1 ліпеня прымаць замежных турыстаўТэрмін апошняга падаўжэньня рэжыму надзвычайнага становішча мінаў 22 траўня. Аднак улады намякалі, што ня хочуць працягваць абмежаваньні, і заяўлялі, што з 1 ліпеня зьбіраюцца прымаць у краіне замежных турыстаў. Па словах таго ж Гахарыя, да гэтага часу плянуецца адкрыць сухапутныя мяжы і аднавіць авіяпералёты.
Паводле пляну грузінскіх уладаў з 15 чэрвеня таксама будзе адноўленая работа турыстычнага бізнэсу для жыхароў краіны (адкрыюцца, у прыватнасьці, гатэлі і хостэлы). З 11 траўня ў Грузіі адкрыліся ўсе віды вытворчасьці і крамы — акрамя гандлёвых цэнтраў і крам адзежы і абутку.
Паводле апошніх зьвестак, у краіне захварэлі на каранавірусную інфэкцыю крыху больш за 700 чалавек, 12 зь іх памерлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ