Аляксандар Лукашэнка прагназуе, што складаная сытуацыя з каранавірусам захаваецца ў краіне яшчэ месяц.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Ні ў якім разе не расслабляцца. Трэба арыентаваць нашых лекараў. Яны малайцы, дый Міністэрства аховы здароўя добра арганізуе гэтую працу. А галоўнае, што вы вывучаеце штодзённы досьвед. Хацелася б, каб вы вытрымалі гэта. Напэўна, пакуль мы канчаткова не адыдзем ад гэтага, месяц нам яшчэ давядзецца важдацца», — перадае прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ягоныя словы з сустрэчы зь міністрам аховы здароўя Ўладзімерам Каранікам і памочнікам прэзыдэнта Аляксандрам Косінцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў новы прагноз па каранавірусе. 4 ранейшыя прагнозы ад уладаў ня спраўдзіліся«Вядома, ня той узровень ужо, лягчэй трошкі стала, але не расслабляцца», — падкрэсьліў ён.
Лукашэнка адзначыў, што наяўныя дадзеныя сьведчаць пра тое, што становішча паступова паляпшаецца.
«Я бачу інфармацыю, кантралюю, але ні ў якім разе нельга расслабляцца. Трэба да канца прайсьці гэты шлях і даказаць усім, асабліва ў нас у краіне, — сказаў ён. — Нам трэба змагацца за жыцьцё людзей. Трэба трымацца з усіх сіл і ратаваць людзей, таму што застанецца адзін паказьнік — сьмяротнасьць».
У пляне сьмяротнасьці «мы найлепшыя ў сьвеце»
Дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў працяг гэтай прамовы — у тым ліку словы, якіх не перадала прэс-служба Лукашэнкі:
«І тое, што мы ў гэтым пляне найлепшыя ў сьвеце, ніхто ўжо не аспрэчвае. Ніхто!» — сказаў Лукашэнка пра сьмяротнасьць ад каранавірусу.
Колькасьць афіцыйна прызнаных сьмерцяў інфікаваных COVID-19 у Беларусі сапраўды вельмі нізкая — каля 20 чалавек на 1 млн насельніцтва. У суседняй Расеі — 21, у Літве — 22, у Польшчы — 25, але ва Ўкраіне — толькі 13, у Латвіі — толькі 12, у Славаччыне — наогул 5.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сьмяротнасьць ніжэйшая чым у Швэцыі ў 22 разы. Гэта добра — але ці праўда?Сайт Worldometers, які зьбірае афіцыйныя зьвесткі пра распаўсюд COVID-19, ставіць Беларусь на 150-е месца ў сьвеце паводле колькасьці сьмерцяў ад COVID-19 на душу насельніцтва (з улікам 36 краін і тэрыторый, дзе не было зафіксавана сьмерцяў ад каранавірусу, 150 краін маюць менш памерлых на душу насельніцтва, толькі 65 — больш, чым Беларусь).
Таксама ў Беларусі вельмі малы афіцыйны паказьнік суадносін прызнаных сьмерцяў да выяўленых выпадкаў — 0,55% выпадкаў COVID-19 канчаліся сьмерцю хворага. Столькі ж у Ісьляндыі, у астатніх эўрапейскіх краінах больш, хаця ў некаторых краінах сьвету, напрыклад у Сынгапуры ці Катары, на парадак менш.
«Мы выйшлі на плято і бачым, што пайшлі на спад»
«Пабывалі вы ў Віцебску. Мы выйшлі на плято і бачым, што пайшлі на спад. Менск, Віцебск — яны раней, асабліва Віцебск, увайшлі ў гэтую праблему, і яны ўжо выходзяць. Вы бачыце, што месцы вызваляюцца. Там, дзе мы рэзэрвавалі анкалягічныя, гінэкалягічныя ложкі, яшчэ нейкія, яны нам не патрэбныя, іх трэба выводзіць, зачышчаць, вымываць», — казаў Лукашэнка міністру аховы здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар аховы здароўя назваў лічбы па каранавірусных пнэўманіях у ВіцебскуСтатыстыку распаўсюду COVID-19 па асобных раёнах і гарадах у Беларусі не публікуюць. Звычайна ў сьвеце пад «выхадам на плято» маюць на ўвазе спыненьне росту колькасьці хворых, а па ўсёй Беларусі колькасьць хворых няспынна расьце.
Тыдзень таму намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан ужо заяўляла пра «выхад на плято», але пад гэтым мела на ўвазе стабільны адсотак станоўчых вынікаў тэстаў (на той момант колькасьць тэстаў заставалася таксама стабільнай).
31 сакавіка, калі ў Беларусі зафіксавалі 152 інфікаваных і прызналі толькі адну сьмерць хворага на COVID-19, Лукашэнка заявіў, што «мы цяпер на піку». З таго часу колькасьць інфікаваных вырасла ў 220 разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статыстыка «завісла»: тры тыдні ў Беларусі каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае «плято» пандэміі ад Міністэрства аховы здароўя? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Youtube апублікаваў сьпіс забароненых тэмаў пра COVID-19. У іх ліку «народныя сродкі» лячэньняШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.