Галоўная санітарная лекарка расейскага Cанкт-Пецярбургу Натальля Башкетава зрабіла больш жорсткімі правілы пахаваньня праз «пагаршэньне эпідэміялягічнага становішча». Сваякам забаранілі разьвітаньне з памерлымі незалежна ад прычынаў сьмерці.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Пра гэта паведамляе «Фонтанка».
«Выключыць ажыцьцяўленьне рытуальных цырымоніяў разьвітаньня з усімі памерлымі незалежна ад выяўленага дыягназу ў сувязі з працягам пагаршэньня эпідэміялягічнай абстаноўкі ў горадзе Санкт-Пецярбургу», — гаворыцца ў дакумэнце.
«Фонтанка» удакладняе, што гэты дакумэнт пакуль нідзе не апублікаваны, фотаздымак прадпісаньня даслаў у рэдакцыю адзін з чытачоў. Пры гэтым ва ўстанове «Рытуальныя паслугі» выданьню пацьвердзілі, што хаваць усіх памерлых сапраўды будуць у закрытых трунах, нават калі прычынай іх сьмерці сталі аварыя або гвалтоўныя дзеяньні. «Целы ж усё роўна знаходзяцца ўсе разам (у моргу), гэта для вашай жа бясьпекі», — растлумачылі ва ўстанове. На які час уведзены забарона — незразумела.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пецярбургу ў шпіталі для хворых на COVID-19 быў пажар, 5 чалавек з рэанімацыі загінуліРаней пецярбурскае кіраўніцтва Расспажыўнагляду прадпісала хаваць у закрытых трунах толькі памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі.
Паводле афіцыйных дадзеных на 19 траўня, у Пецярбургу выяўлена 11340 выпадкаў захворваньня. Памерлі 95 чалавек, ачунялі — 2272 чалавекі.
У апошнія дні рэзкага росту ліку новых інфікаваньняў у Пецярбургу па афіцыйных дадзеных не назіраецца, іх колькасьць вагаецца ад 400 да 450. У сувязі з гэтым незразумела, што маецца на ўвазе пад «пагаршэньнем эпідэміягічнай абстаноўкі».
Губэрнатар Пецярбургу Аляксандр Бяглоў днямі заяўляў, што, акрамя каранавіруснай інфэкцыі, у горадзе многія хварэюць на гэтак званую пазабальнічную пнэўманію, прычым колькасьць сьмерцяў ад пнэўманіі ў некалькі разоў больш, чым пацьверджаных выпадкаў сьмерці ад COVID-19. Такая ж сытуацыя і ў шэрагу іншых рэгіёнаў Расеі, найбольш вядомы прыклад Дагестану.
У Маскве на час так званага рэжыму самаізаляцыі забаронены ўваход на могілкі, аднак на ўдзел у пахаваньні гэтая забарона не распаўсюджваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі — плюс 56% за палову траўня, у Беларусі — плюс 45%. Як распаўсюджваецца каранавірус у Беларусі і ў суседзяў. ІНФАГРАФІКА