Вынесены вырак у судзе над палітвязьнем Піліпам Шаўровым, які часткова прызнаў сваю віну ў фарбаваньні ў чырвоны колер рук помніка Пушкіну ў Менску,
19 траўня суд Цэнтральнга раёна Менску агучыў вырак Піліпу Шаўрову: яго прызналі вінаватым у хуліганстве і ў пашкоджаньні маёмасьці ды аштрафавалі агулам на 50 базавых, гэта 1350 рублёў.
Пракурорка Маргарыта Курыловіч так і прасіла пакараць Шаўрова.
Піліпа Шаўрова прызналі вінаватым у хуліганстве паводле 1 і 2 частак 339 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яму пагражала да 6 гадоў зьняволеньня. Піліпа Шаўрова трымалі пад вартай з 19 студзеня па 6 траўня. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, тое, што Піліп Шаўроў учыніў «злачынства супраць грамадзкай маралі», у судзе было цалкам даказана.
У апошнім слове Шаўроў папрасіў прабачэньня ў тых, каго ягоныя дзеяньні маглі абразіць, паабяцаў так больш не рабіць і знайсьці працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я пратэставаў супраць аб’яднаньня Беларусі і Расеі». Як судзяць актывіста Шаўрова, які пафарбаваў помнік ПушкінуШто здарылася
17 студзеня стала вядома, што нехта пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Аляксандру Пушкіну каля гатэля «Беларусь» у Менску. Амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка. У першай палове дня 20 студзеня стала вядома, што ў нанясеньні фарбы на помнік Пушкіну прызнаўся актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які 19 студзеня сам прыйшоў у міліцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маладафронтаўца затрымалі за чырвоныя рукі помніка Пушкіну. Хто такі Піліп ШаўроўШаўрова вінавацяць таксама ў тым, што ён намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг на памятным знаку загінулым супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў у Менску, напісаў «1937» на агароджы помпавай станцыі ў Бараўлянах.
Пасьля эпізоду з помнікам Пушкіну амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка.
Шаўроў прызнае віну толькі часткова. Шкоду ад ягоных дзеяньняў ацанілі ў 228 рублёў 66 капеек.
Шаўроў прызнаў віну часткова
Піліп Шаўроў часткова прызнае віну. Актывіст пацьвердзіў у судзе, што гэта ён 17 студзеня пафарбаваў рукі помніку Пушкіну, а таксама намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг на помніку супрацоўнікам МУС каля Сьвіслачы, а наступным днём зрабіў надпіс «1937» на агароджы помпавай станцыі водазабору блізу Курапат.
Але Піліп Шаўроў заяўляў, што зрабіў гэта не з хуліганскіх намераў, як лічыць сьледзтва, а выключна з палітычных прычын. Паводле Шаўрова, расфарбоўваючы помнік Пушкіну, ён пратэставаў супраць замежнай палітыкі Расеі, якая імкнецца паглынуць Беларусь.
Нанясеньне бел-чырвона-белага сьцяга на помнік загінулым супрацоўнікам МУС і ўнутраных спраў Шаўроў патлумачыў намерам нагадаць дзейным міліцыянтам, што яны мусяць абараняць незалежнасьць Беларусі. Надпіс «1937» непадалёк ад Курапатаў, паводле Піліпа Шаўрова, гэта «напамін пра найбольш жахлівы год палітычных рэпрэсій у СССР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «О, такі мне пасуе!» Жонка Вольга шчыра распавядае пра Піліпа Шаўрова, які пафарбаваў рукі Пушкіну
«Гэта надуманыя прычыны»
У судовых спрэчках палітычныя прычыны ўчынкаў Піліпа Шаўрова прадстаўніца пракуратуры Маргарыта Курыловіч назвала надуманымі і настойвала на хуліганскіх намерах падсуднага. На думку дзяржаўнага абвінаваўцы, Піліп Шаўроў дзейнічаў «дэманстрацыйна, зьневажаючы маральныя каштоўнасьці грамадзтва».
«Аляксандар Пушкін зьяўляецца вядомым дзеячам літаратуры, творы якога вывучаюць у Беларусі», — казала Маргарыта Курыловіч. Паводле яе, «актам вандалізму» ёсьць і маляваньне бел-чырвонага-белага сьцяга на помніку загінулым міліцыянтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На прэзэнтацыю кніг прыйшоў Пушкін з чырвонымі рукаміЧаму перакваліфікавалі адказнасьць у эпізодзе пра надпіс «1937»?
У спрэчках прадстаўніца пракуратуры адмовілася ад абвінавачаньня Піліпа Шаўрова ў хуліганстве ў трэцім эпізодзе справы — пра надпіс «1937» на агароджы помпавай станцыі на вуліцы Сасновы Бор. Дзяржаўная абвінаваўца прызнала, што агароджа — гэта ня помнік, і таму дзеяньні актывіста варта лічыць не хуліганствам, а толькі пашкоджаньнем маёмасьці, і кваліфікаваць іх паводле 341-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.
Адвакат Шаўрова Яўген Маслаў нагадаў у спрэчках, што пра гэты эпізод (аб надпісе «1937») праваахоўным органам увогуле не было вядома да яўкі Шаўрова з павіннай. Паводле абаронцы, Піліп Шаўроў не нанёс ніякай шкоды помніку Пушкіну і мэмарыяльнаму знаку на вуліцы Камуністычнай ды цалкам кампэнсаваў страты камунальнікаў на ачыстку помнікаў ад фарбы. Абаронца прасіў апраўдаць Піліпа Шаўрова, бо лічыць, што ў ягоных дзеяньнях не было складу крымінальнага злачынства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Расеі выказаўся пра інтэграцыю і хлопца, які размаляваў рукі Пушкіна
Шаўрова прызналі палітвязьнем
Шэраг праваабарончых арганізацыяў Беларусі месяц таму запатрабаваў неадкладна спыніць крымінальны перасьлед Шаўрова. Перасьлед лічаць палітычна матываваным, а самаго Шаўрова прызналі палітычным зьняволеным.
Супольную заяву падпісалі праваабарончыя арганізацыі «Вясна», «Беларускі Хэльсынскі камітэт», Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Звоскава, а таксама «Цэнтар прававой трансфармацыі», Асамблея НДА, Беларускі ПЭН-цэнтар, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Офіс правоў людзей з інваліднасьцю, група «Ідэнтычнасьць і права», «Беларускі дакумэнтальны цэнтар» і «Ініцыятыва FORB».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шаўрова, які пафарбаваў рукі помніка Пушкіну, вызвалілі да суду пад падпіску. Ён хворыУ заяве адзначаюць, што, паводле прававога аналізу, учынак Шаўрова ня мае складу злачынства, апісанага ў артыкуле 339 КК («Хуліганства»), нанесеныя ім графіці ня зьнішчылі і не пашкодзілі аб’екты, не прывялі да страты аб’ектамі спажывецкіх якасьцяў. Вяртаньне аб’ектаў у пачатковы выгляд патрабавала пэўных выдаткаў, але грошы маглі быць спагнаныя ў грамадзянска-прававым парадку.
Зьмест малюнкаў і надпісаў у кантэксьце грамадзка-палітычных падзеяў і публічных грамадзкіх дыскусіяў, якія адбываліся ў краіне (сэрыя публічных акцыяў пратэсту супраць гэтак званай «паглыбленай інтэграцыі» Расіі і Беларусі) у канцы 2019 году, сьведчаць аб тым, што матывам Шаўрова пры іх нанясеньні было выказваньне погляду на гэтыя значныя для грамадзтва тэмы, — пішуць у заяве. — Мы лічым, што такія формы выказваньня думкі падпадаюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і ня маюць нічога агульнага з указанымі ў працэсуальным дакумэнце Сьледчага камітэту матывамі».