Кампанія «Права выбару», у якую аб'ядналіся прадстаўнікі апазыцыйных партый Беларусі, на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 14 траўня заявіла, што далей настойвае на пераносе прэзыдэнцкіх выбараў на пазьнейшыя тэрміны ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Тым не менш яна будзе назіраць за ўсімі этапамі выбараў, прызначаных на 9 жніўня.
«Пазбавіўшыся падтрымкі грамадзян, Лукашэнка вымушаны цяпер спадзявацца толькі на рэпрэсіі і эпідэмію. Эпідэмія — гэта проста залаты час для фальсыфікацый! Я лічу, што правядзенне прэзыдэнцкіх выбараў у разгар эпідэміі ня выклікана ніякай неабходнасьцю і зьяўляецца злачынным дзеяньнем з боку ўладаў»,— заявіў старшыня АГП Мікалай Казлоў.
Назіральнікі ад кампаніі на прэзыдэнцкіх выбарах будуць дадаткова фіксаваць парушэньні рэкамэндацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO), накіраваных супраць распаўсюду COVID-19. Таксама кампанія ставіць за мэты патрабаваньне прыняць рэкамэндацыі АБСЭ па выбарчым заканадаўстве і засьцярогу выбарнікаў і ўдзельнікаў кампаніі ад заражэньня новым каранавірусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветная арганізацыя здароўя падзякавала краінам, якія скасавалі парады на Дзень перамогі. Беларусі не датычыцьНазіраньне абяцаюць ладзіць на ўсіх этапах: ад фармаваньня выбарчых камісіяў і рэгістрацыі кандыдатаў да аналізу магчымасьцяў правядзеньня перадвыбарчай агітацыі. «Татальнае назіраньне» плянуюць арганізаваць на 250–300 участках па ўсёй краіне.
«Па магчымасьці» і «ў залежнасьці ад эпідэміялягічнай сытуацыі» будуць зьбіраць і зьвесткі пра яўку, прымус да галасаваньня і падлік галасоў на іншых участках. Будзе і кароткатэрміновае назіраньне — толькі за датэрміновым галасаваньнем і асноўным днём.
Дэвіз выбралі такі: «Барацьба за сумленныя, адкрытыя і бясьпечныя выбары». Каардынатарамі кампаніі на 2020 год сталі Леў Марголін (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і Віталь Рымашэўскі (Беларуская хрысьціянская дэмакратыя). У кампаніі бяруць удзел АГП, БХД, БНФ, БСДП (Грамада), партыя «Зялёныя», рух «За свабоду», незалежны прафсаюз РЭП і арганізацыйны камітэт Партыі свабоды і прагрэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдаты, пратэсты, вынікі. Як у Беларусі праходзілі прэзыдэнцкія выбары: 1994—2015
Мо лепей пасьля пандэміі?
Як сказаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч на прэс-канфэрэнцыі аб пазыцыі кампаніі «Права выбару», праз пандэмію COVID-19 шанцаў сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў няма ні ў кога з кандыдатаў. Правядзеньне выбараў у такіх умовах, лічаць у «Праве выбару», дае Аляксандру Лукашэнку дадатковыя магчымасьці ў самастойным фармаваньні сьпісу кандыдатаў у бюлетэні.
Губарэвіч адзначыў і хвалю затрыманьняў відэаблогераў, актывістаў і нават патэнцыйнага кандыдата ў першыя дні кампаніі — на яго думку, у наступныя тры месяцы давядзецца працаваць у тых жа ўмовах: «беспрычынныя затрыманьні, суды, арышты, „суткі“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбарная кампанія ў Беларусі пачалася з рэпрэсій, — праваабаронцыУ сувязі з пандэміяй зьявіліся і іншыя абмежаваньні. На адсутнасьць гарантаванай Выбарчым кодэксам магчымасьці прысутнічаць на паседжаньнях дзяржаўных органаў для прадстаўнікоў партыяў, якія выстаўляюць сваіх людзей у выбарчыя камісіі, ужо паскардзіліся ў пракуратуру і ЦВК.
У выпадку, калі эпідэміялягічная сытуацыя будзе небясьпечнай для здароўя назіральнікаў, кампанія «Права выбару» будзе заяўляць пратэст і патрабаваць перанесьці выбары на іншую дату.
«Самае бясьпечнае для ўсіх грамадзян і ўдзельнікаў выбарчага працэсу ў сытуацыі пандэміі каронавірусу — гэта перанос даты выбараў на больш позьні тэрмін, — заявіла сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. — І, у адрозьненьне ад безадказнай улады, мы гэта разумеем. Кампанія „Права выбару“ прыме ўсе неабходныя захады для засьцярогі назіральнікаў кампаніі і ўдзельнікаў працэсу».
Старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў ужо заклікаў Палату прадстаўнікоў перанесьці выбары на дату, пазьнейшую за 9 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 34 «кандыдаты ў кандыдаты». Хто падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаўПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.