Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ініцыятыўную групу Лукашэнкі ўпісалі больш людзей, чым на выбарах 2015 году


Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына
Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла ў эфіры Беларускага радыё, што ў ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі ўвайшлі звыш 11 тысяч чалавек.

Гэта больш, чым на папярэдніх выбарах 2015 году, тады было 10,5 тысячы.

Адказваючы на пытаньне, ці ёсьць там вядомыя асобы, чыноўніца адзначыла, што з прычыны вялікай колькасьці прозьвішчаў «азнаёміцца з гэтым немагчыма».

14 траўня ЦВК Беларусі прыняў заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. Яе кіраўніком прызначаны старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Лукашэнка зьбіраецца на шосты тэрмін запар, пачынаючы ад 1994 году.

Агульная колькасьць прынятых заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў дасягнула 14. Тэрмін падачы завяршаецца 15 траўня.

Пра намер балятавацца ў прэзыдэнты заявілі больш за паўтара дзясятка патэнцыйных кандыдатаў, сярод іх ёсьць вядомыя асобы:

  • старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч
  • экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валеры Цапкала
  • сустаршыня аб’яднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў
  • экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч
  • старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) Сяргей Чэрачань
  • экс-дэпутатка Ганна Канапацкая
  • былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка.

Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG