Як стала вядома 13 траўня, у 56-м палку сувязі, што ў менскім Уруччы, у часткі салдатаў тэрміновай службы выявілі каранавірус.
14 траўня афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Натальля Гаўрусік заявіла Tut.by, што ніхто зь іх ня браў удзел у парадзе 9 траўня і не кантактаваў з вайскоўцамі, якія рыхтаваліся да параду.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле Гаўрусік, першага інфікаванага COVID-19 у вайсковай частцы ва Ўруччы выявілі яшчэ ў красавіку, а 2 траўня ўзялі пробы ў тых, хто зь ім кантактаваў. На момант падрыхтоўкі да параду ўсе яны «ўжо знаходзіліся ў ізаляцыі», сьцьвярджае прадстаўніца Мінабароны.
Колькасьць хворых вайскоўцаў і іхны стан па-ранейшаму не паведамляюцца. Хворых шпіталізавалі ў галоўны вайсковы клінічны мэдычны цэнтар.
Таксама Гаўрусік заявіла, што ні ў кога з удзельнікаў параду з роты ганаровай варты няма пацьверджанага COVID-19. Раней Telegram-канал Nexta сьцьвярджаў, што ў роце ганаровай варты захварэлі сама меней 9 чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.