Непаўналетніх нелегальных мігрантаў дэпартуюць з ЗША ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу

Ілюстрацыйнае фота

За красавік са Злучаных Штатаў выслалі 600 непаўналетніх мігрантаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Маладыя мігранты і шукальнікі прыстанішча пераплываюць раку Рыа-Грандэ, якая падзяляе ЗША і Мэксыку, каб трапіць у Тэхас. Многія з гэтых падлеткаў пакінулі Цэнтральную Амэрыку самастойна; іншыя былі адпраўленыя бацькамі зь лягераў уцекачоў у Мэксыцы. Шмат каму зь іх няма і дзесяці гадоў.

Амэрыканскае заканадаўства, як правіла, дазваляе непаўналетнім нелегальным мігрантам жыць са сваякамі ў чаканьні іміграцыйнага суду. Аднак цяпер адміністрацыя Трампа, спасылаючыся на пандэмію каранавірусу, апэратыўна дэпартуе такіх людзей з краіны ў адпаведнасьці з дэклярацыяй прэзыдэнта аб надзвычайным становішчы. Толькі ў красавіку з ЗША былі высланы 600 непаўналетніх «нелегалаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьнікла міграцыя падчас пандэміі?

З дапамогай дэпартацыяў адміністрацыя спрабуе прадухіліць уезд у краіну непаўналетніх нелегальных мігрантаў. Памежныя органы кажуць пра неабходнасьць абмежаваць лік хадайніцтваў аб прыстанішчы і перасячэньняў межаў падчас пандэміі, каб прадухіліць распаўсюд каранавірусу. Адвакаты мігрантаў лічаць, што ўлада выкарыстоўвае пандэмію ў якасьці нагоды для адмовы браць дзяцей пад абарону на фэдэральнай узроўні.

Згодна з Законам аб барацьбе з гандлем людзьмі 2008 году, непаўналетнія грамадзяне замежных дзяржаў, за выключэньнем Канады і Мэксыкі, ня могуць быць неадкладна дэпартаваныя і маюць права на доступ да адваката. Іх павінны перадаць сваякам, якія пражываюць у ЗША. Гэтыя правілы прызначаныя для прадухіленьня жорсткага абыходжаньня зь дзецьмі або іх пападаньня ў рукі злачынцаў.

Мытна-памежная служба ЗША (МПС) пачала высылку дзяцей з краіны ў канцы сакавіка, спасылаючыся на надзвычайную сытуацыю з распаўсюджваньнем каранавірусу. Па дадзеных МПС, у красавіку з 766 дзяцей, якія нелегальна перайшлі мяжу, толькі 166 засталіся ў краіне і былі перададзеныя ў падпарадкаваньне Міністэрства здароўя і сацыяльных службаў, у той час як 600 чалавек былі дэпартаваныя.

Аднак, згодна з паведамленьнем Міністэрства здароўя, у красавіку памежнікі перадалі ведамству толькі 58 непаўналетніх мігрантаў без суправаджэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падпісаў указ, які забараняе іміграцыю ў ЗША на час эпідэміі каранавірусу

Памежнікі заяўляюць, што рашэньне аб недапушчальнасьці дэпартацыі дзяцей прымаецца «ў кожным канкрэтным выпадку, напрыклад калі вяртаньне ў родную краіну немагчымае, або калі агент падазрае гандаль людзьмі або бачыць прыкметы хваробы». Прадстаўнік ведамства адмовіўся даць больш падрабязную інфармацыю.

На мінулым тыдні выканаўца абавязкаў кіраўніка МПС Марк Морган заявіў, што ЗША могуць працягваць высылаць мігрантаў, нават калі штаты пачнуць аслабляць абмежавальныя захады, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй. За апошнія тыдні са Злучаных Штатаў у Гватэмалу былі дэпартаваны ня менш за 100 чалавек з COVID-19, уключаючы непаўналетніх.