Рэктарат Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту пацьвердзіў Tut.by, што ў трох студэнтаў выявілі COVID-19. Яшчэ 16 чалавек з унівэрсытэту адносяцца да «кантактаў І узроўню» — 12 зь іх цяпер чакаюць вынікаў у «адмысловых блёках» інтэрнатаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы бачыце каранавірус? Ідзіце вучыцеся» — студэнта БДАТУ не задавальняюць захады бясьпекі ва ўнівэрсытэцеГэта не адзіны ўнівэрсытэт, навучэнцы якога заразіліся новым каранавірусам. Самы першы выпадак COVID-19 у Беларусі зафіксавалі ў БНТУ, затым вірус знайшлі ў студэнтаў БДУ, БДМУ, БДТУ і Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі (ВДАВМ).
Непацьверджаныя зьвесткі пра выяўленьне каранавірусу паступалі і ад студэнтаў іншых установаў, як то БДПУ ці БДЭУ. Навучэнцы Гомельскага мэдычнага каледжу сьцьвярджаюць, што там ад каранавірусу памерла 21-гадовая навучэнка.
Праца навучальных установаў Беларусі не пераведзеная на дыстанцыйны фармат насуперак рэкамэндацыям Сусьветнай арганізацыі здароўя і каардынатаркі ААН. Афіцыйная статыстыка выпадкаў COVID-19 у навучальных установах не публікуецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што пасьля параду ў Менску «зьніжэньне пнэўманіяў удвая». Ці так гэта?Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.