Улады Беларусі пачалі выбарную кампанію з рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці — праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў, цытуе БелаПАН аднаго з каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча.
Затрыманьні ствараюць неспрыяльны фон
8 траўня Палата прадстаўнікоў прызначыла выбары прэзыдэнта Беларусі на 9 жніўня. 15 траўня мінае тэрмін падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў на найвышэйшую пасаду. У першыя дні абвешчанай кампаніі адбыліся затрыманьні актывістаў, блогераў, журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз: Затрыманьні ў Беларусі асабліва непакояць у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі«Мы патрабуем неадкладнага спыненьня перасьледу ўсіх удзельнікаў мірных пратэстаў, у першую чаргу журналістаў і праваабаронцаў. Патрабуем, каб неадкладна былі вызваленыя журналіст, сябра Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Буракоў, праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Вялічкін, праваабаронца Раман Кісьляк, а таксама журналісты Алесь Асіпцоў, Зьміцер Лупач, Міхаіл Аршынскі, усе блогеры і ўдзельнікі акцый апошніх дзён», — заявіў Уладзімер Лабковіч.
Па яго словах, масавыя затрыманьні на пачатку выбарнай кампаніі ствараюць «неспрыяльны фон», які сьведчыць, што ўлады вырашылі пайсьці шляхам перасьледу яе ўдзельнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік АБСЭ і «Рэпартэры бязь межаў» заклікалі неадкладна вызваліць арыштаваных у Беларусі журналістаўАкрамя таго, праваабаронцаў непакоіць, што аўтар youtube-каналу «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі адбывае адміністрацыйнае пакараньне і ня можа падаць дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.
Знайсьці балянс паміж празрыстасьцю выбараў і бясьпекай людзей
Уладам Беларусі неабходна знайсьці балянс паміж празрыстасьцю правядзеньня чарговай палітычнай кампанііі і бясьпекай грамадзян у сувязі з пандэміяй, перакананы каардынатар кампаніі ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.
Ён нагадаў, што «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зьвярнуліся ў Цэнтравыбаркам, Вярхоўны суд і Палату прадстаўнікоў з прапановай урэгуляваць працэдуры з улікам небясьпекі распаўсюду COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 313 сутак арышту і 13041 рубель штрафу на 45 пакараных пасьля параду 9 траўня. Сьпіс«Важна шукаць балянс паміж неабходнасьцю забясьпечыць умовы, якія б мінімізавалі рызыку захворваньня, але захавалі б сутнасьць выбараў, — сказаў ён. — Гэты балянс павінен быць у кожнай працэдуры, пачынаючы з працы камісій. Важна, каб чальцы камісій не рызыкавалі захварэць, бо потым ня будзе каму падводзіць вынікі. І, вядома, важна, каб падчас збору подпісаў, агітацыі, галасаваньня ў людзей былі адэкватныя магчымасьці для ўдзелу ў кампаніі».
Аднак, адзначыў Алег Гулак, на прапановы праваабаронцаў прадстаўнікі органаў улады адказалі, што ўносіць якія-небудзь зьмены ў заканадаўства «ўжо позна».
Выбарам пагражаюць сыстэмныя фальсіфікацыі
На шляху правядзеньня свабодных і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў стаяць «дзьве істотныя пагрозы», лічыць прадстаўнік кампаніі назіраньня ад праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва падалі дакумэнты ў ЦВК«Адна зь іх — сыстэмныя фальсыфікацыі, якія мы назіралі падчас папярэдніх выбараў. Мы са шкадаваньнем адзначаем, што ўлады не выкарыстоўвалі час паміж парлямэнцкімі выбарамі і прэзыдэнцкімі для таго, каб імплемэнтаваць рэкамэндацыі, якія выказвалі міжнародныя і нацыянальныя назіральнікі, каб наша заканадаўства хоць нейкім чынам прадугледжвала магчымасьць правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў», — адзначыў праваабаронца.
Паводле яго, існуе пагроза тых жа «выбараў», якія ўжо выклікалі нэгатыўную рэакцыю за тое, што не былі свабоднымі і дэмакратычнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што пасьля параду ў Менску «зьніжэньне пнэўманіяў удвая». Ці так гэта?Другая пагроза, па словах Уладзімера Лабковіча, — сытуацыя з распаўсюдам каранавірусу, празь які грамадзтва ў прынцыпе можа страціць магчымасьць узяць удзел у выбарах.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.