На 16-ю гадзіну 12 траўня ў Цэнтральную выбарчую камісію пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю пяці ініцыятыўных груп. І гэта ня групы Ганны Канапацкай, Валерыя Цапкалы ці Віктара Бабарыкі, паведамілі Свабодзе ў ЦВК.
11 траўня прынятыя дакумэнты ад трох ініцыятыўных груп:
- Анжалікі Жалезьняковай, 1967 году нараджэньня, часова беспрацоўнай, якая пражывае ў вёсцы Клімавічы Менскага раёну;
- Веранікі Мішчанкі, 1968 году нараджэньня, індывідуальнай прадпрымальніцы, беспартыйнай, якая жыве ў вёсцы Саланое Жлобінскага раёну;
- Аляксандра Грачышнікава, 1976 году нараджэньня, індывідуальнага прадпрымальніка, беспартыйнага, зь Менску.
12 траўня пададзеныя дакумэнты яшчэ дзьвюх ініцыятыўных груп:
- Юрыя Ганцэвіча, 1976 году нараджэньня, фэрмэра, беспартыйнага. Жыве ў вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёну;
- Віталя Зялкоўскага, 1980 году нараджэньня, інжынэра-дызайнэра, беспартыйнага. Жыве ў Маладэчне.
У ЦВК таксама паведамілі, што дакумэнты тых, хто падаў дакумэнты ў панядзелак і аўторак, будуць разглядацца ў пятніцу, 15 траўня. Тых, хто падасьць у бліжэйшыя дні, — у наступны аўторак, 19 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус паспрыяе байкоту прэзыдэнцкіх выбараў?Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.