Летась «Усходняму партнэрству» споўнілася 10 гадоў, і шэраг экспэртных цэнтраў зрабілі свае ацэнкі таго, што чакае гэтую праграму, якая мелася наблізіць Беларусь, Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Малдову і Ўкраіну да Эўразьвязу. Рэдактар эўрапейскіх службаў Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк расказвае пра адно з найбольш амбітных дасьледаваньняў, якое апісвае чатыры патэнцыйныя сцэнары разьвіцьця падзей да 2030 году. Як адзначае Юзьвяк, ніводзін з гэтых сцэнараў асабліва не парадуе энтузіястаў далучэньня да Эўразьвязу.
Дасьледаваньне «Ўсходнеэўрапейскія будучыні: Чатыры сцэнары для "Ўсходняга партнэрства" 2030» аўтарства Войцеха Пшыбыльскага з цэнтру Visegrad Insight і Ёрга Форбрыга зь нямецкага Фонду Маршала першапачаткова згубілася за выбухам каранавірусу. Яно выйшла ў сярэдзіне сакавіка, калі пандэмія захапіла Эўропу, таму прайшло незаўважаным і было прэзэнтавана СМІ толькі на мінулым тыдні.
На падмурку гутарак і сэмінараў з аналітыкамі, журналістамі, прадстаўнікамі ўлады, грамадзкімі актывістамі і бізнэсоўцамі з шасьці краін «Усходняга партнэрства», а таксама з розных краін Эўразьвязу, аўтары сфармулявалі чатыры сцэнары пад назвамі «Прагматычная інтэграцыя», «Паўтарэньне расейскай гегемоніі», «Прывязка ЭЗ да Масквы» і «Грамадзкае разьняволеньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Польшчы ўсё ж адбудуцца па пошце. Але не 10 траўняНайлепшым сцэнарам можна лічыць першы, піша Юзьвяк. Аўтары тлумачаць, што пры такім разьвіцьці падзей «няма вялікіх лёзунгаў, сымбаляў ці сур’ёзных чаканьняў сяброўства [ў Эўразьвязе], але замежныя інвэстыцыі, гандаль і эканамічная ўзаемазалежнасьць будуць працягваць расьці, разам зь некаторымі паляпшэньнямі ў разьвіцьці інфраструктуры і ўзаемазьвязанасьцю».
Можна лічыць гэта варыянтам статус-кво, бо «Ўсходняе партнэрства» заўсёды абяцала збліжэньне з Брусэлем шмат у якіх сфэрах, але пры гэтым не давала адкрытай прапановы далучыцца да Эўразьвязу. Такі сцэнар, верагодна, будзе засмучаць тры больш прасунутыя краіны — Грузію, Малдову і Ўкраіну — якія ўжо атрымалі дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ, а таксама візавую лібэралізацыю. У дакладзе адзначаецца, што гэты «дзяжурны рэжым» можа мець «зьнішчальны ўплыў на маладзейшыя, прадпрымальныя пакаленьні, што прывядзе да радыкалізацыі нацыянальных палітычных сцэн».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 пытаньняў пра Беларускую АЭС. Некаторыя застаюцца без адказаўУ дакладзе дадаецца, што такі рэжым, верагодна, пашырыць разыходжаньне паміж гэтай тройкай і Азэрбайджанам, Армэніяй ды Беларусьсю, якія, хутчэй за ўсё, будуць весьці «маўклівую форму інтэграцыі, грунтаваную больш на прагматызьме, чым на нейкіх зьменах сваіх сувязяў з Расеяй у сфэры бясьпекі і дыпляматыі». Паводле дакладу, Брусэлю таксама, магчыма, давядзецца перагледзець рамкі партнэрства. Разрыў паміж дзьвюма групамі краін, які ідуць у розных кірунках, абмяркоўваецца ўжо нейкі час, і гэтыя размовы нікуды ня сыдуць у хуткім часе.
Калі першы сцэнар гучыць ня надта натхняльна, ён усё ж не настолькі змрочны, як два наступныя, у якіх Крэмль больш рашуча ўмешваецца ў гульню, піша Юзьвяк. У другім сцэнары Масква, атрымаўшы выгады ад газаправоду «Паўночны паток 2», узмацняе свае эканамічныя пазыцыі набыцьцём некалькіх стратэгічных сэктараў эканомікі ў краінах «Усходняга партнэрства», а таксама ў краінах Эўразьвязу. ЭЗ і NATO аслабленыя няспыннымі крызісамі (Brexit, Эўразона, COVID-19, міграцыя, сытуацыя зь вяршэнствам закону — сьпіс можна працягнуць), а эўраскептычныя сілы яшчэ больш ускладняюць прыняцьце рашэньняў у Брусэлі. Тым часам Масква захоўвае фінансавыя сувязі з палітычнымі элітамі ў краінах-партнэрах і пасьпяхова прымушае іх урады прымаць рашэньні, адпаведныя расейскім інтарэсам. Урэшце рэгіён «страчвае давер да пра-эўразьвязаўскіх лідэраў і прымае большую залежнасьць ад Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўцы, латышы і эстонцы з наступнага тыдня змогуць свабодна падарожнічаць паміж сваімі краінаміУ трэцім сцэнары ўжо сам Эўразьвяз шукае расейскага сяброўства, заклапочаны тым, што Амэрыка факусуецца на іншым, а ўплыў Кітаю расьце, і гэта хвалюе як Брусэль, так і Маскву. Праблемы краін «Усходняга партнэрства» адыходзяць на другі плян у параўнаньні з супрацоўніцтвам паміж ЭЗ і Расеяй. У выніку, паводле дакладу, «хоць некаторыя краіны "Ўсходняга партнэрства" і спрабуюць супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям, іншыя прымаюць другарадны статус і з асьцярогамі рушаць сьледам за новым эўрапейскім мэйнстрымам. Краіны "Ўсходняга партнэрства" ўваходзяць у новы беспрэцэдэнтны пэрыяд нестабільнасьці, у якім відавочны страх і засмучанасьць дапаўняюцца расчараваньнем у ЭЗ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры ЭЗ праводзяць саміт па зборы сродкаў на барацьбу з COVID-19У непрадказальныя часы настолькі ж імаверным можа аказацца чацьвёрты і апошні сцэнар. Пасьля нядаўняй рэвалюцыі ў Армэніі надыходзіць новы пэрыяд «народнай улады», калі насельніцтва паўстае і патрабуе большага дабрабыту і сацыяльных зьменаў. У гэтым сцэнары Расея ня можа быць мадэльлю, а сяброўства ў Эўразьвязе надта нерэальнае. Замест гэтага краіны зьвяртаюцца да самадастатковасьці і ў нейкім сэнсе аказваюцца «пакінутыя самі сабе». Але ў той час як ЭЗ не прапануе амаль нічога, акрамя «маральнай падтрымкі», гэты сцэнар прадугледжвае, што на яго ёсьць маўклівая згода Крамля. «Беспасярэдняе ўмяшаньне і гібрыдныя ваенныя дзеяньні выключаюцца, калі гэтыя краіны абяцаюць захоўваць ранейшыя парамэтры замежнай палітыкі». Будзе вонкавая стабільнасьць, дывэрсыфікацыя інвэстыцый ад іншых гульцоў, такіх як Кітай, але ня будзе трывалага разьвязаньня замарожаных канфліктаў у рэгіёне.
Урэшце, магчымая камбінацыя ўсіх чатырох сцэнараў, і аўтары дакладу не называюць нейкі зь іх найбольш імаверным, піша Юзьвяк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія больш не зьбіраецца падаўжаць надзвычайнае становішча