У ліпені 2019 году комік Дзьмітры Нарышкін адкрыў першы ў Беларусі Stand Up Comedy Hall. Справы ішлі як мае быць:
«У лістападзе быў рост, зіма была цудоўным часам», — расказвае ён. Але ў сакавіку здарыўся каранавірус, стэндап-клюб пайшоў на карантын, а сам Нарышкін — у валянтэрства. Цяпер ён адзін зь вялікай каманды #BYCOVID, якая зьбірае і развозіць гуманітарную дапамогу мэдыкам па ўсёй краіне.
У размове са Свабодай Дзьмітры Нарышкін расказвае, чаму Беларусі не патрэбен карантын, пра знаёмства з Валерам Цапкалам і пра тое, як, працуючы валянтэрам, выгараў раз на тыдзень.
«Чым вышэйшы пост у мэдыка, тым менш гераізму»
Валянтэры #BYCOVID працуюць штодня, але 9 траўня ў Дзьмітрыя Нарышкіна выходны:
«Далі два дні прымусовага адпачынку», — тлумачыць ён. Мы сустракаемся каля галерэі «Ў», дзе месьціцца офіс валянтэраў. Падчас размовы Нарышкін зьвяртае ўвагу на людзей бяз масак.
«Вось гэтыя разумеюць, што адбываецца ў краіне», — кажа ён, паказваючы на пару маладых людзей у масках.
— Ты стаміўся?
— Я б не сказаў, што стаміўся. Хутчэй, адбываецца выгараньне. Спачатку я ўспрымаў працу валянтэраў і актывістаў вельмі несур’ёзна. А калі ўсё пачалося, я апынуўся побач з цудоўнымі людзьмі і мая думка кардынальна зьмянілася.
Я лічыў, што праца стэндап-коміка цяжкая, бо ты ў сынусоідзе «я геній — я г..но, выдатны выступ — правалены выступ», і гэтак далей. Мая сынусоіда як коміка — поўнае дзярмо ў параўнаньні з тым, што я адчуў у праекце #BYCOVID. Калі першыя тры тыдні выгараў раз на тыдзень, то цяпер ад навінаў, пытаньняў у асноўнай працы і таго, што яна пачала пераклікацца з валянтэрствам, я амаль кожны вечар быццам бы варʼяцею.
Адчуваньне, што я ў нейкім тумане. Калі апынаесься ў смузе ў полі, то ведаеш, што хутка зь яе выйдзеш. А мы цяпер ня ведаем, калі канец. Мы ня ведаем, да чаго ўсё ідзе, хто героі, але нам трэба гэта перажыць.
Мы жывём у сьвеце зь вялікай колькасьцю інфармацыі. Часта бывае, што людзі ня ўмеюць карыстацца фактчэкінгам. Шмат дэзынфармацыі, у тым ліку паклёпу на дзяржаву. І адваротнае. Напрыклад, уключаю «Клюб рэдактараў» на БТ ці нейкі выпуск навінаў, і ў мяне адбываецца дысананс як у чалавека, які працуе ў #BYCOVID. Па тэлевізіі гавораць, што ў нашых мэдыкаў усё ёсьць, у паліклініках усё ёсьць. А я наўпрост камунікую з мэдыкамі, таму ведаю, што гэта няпраўда.
— Ці ня мэдыкі героі гэтага часу?
— Я думаю, што мэдыкі — героі. Але, чым вышэйшы пост у мэдыка, тым менш гераізму. Героі — гэта санітары, якія ў брудных зонах; рэаніматолягі, якія пад страхам хваробы ставяць інтубацыйныя трубкі. Героі — тыя, хто застаўся ў шпіталях, бо яны кантакты першага ўзроўню і жывуць на працы або пераехалі ў гатэлі.
— Як так выйшла, што ты стаў валянтэрам і ўвогуле адным з твараў валянтэрскай кампаніі?
— Я зьдзіўлены, што так адбылося. 8 сакавіка мы правялі ў Stand Up Hall вечарынку. Было крута, поўная пасадка. Разуменьне таго, што «пачалося», прыйшло на наступны дзень. У нас быў адкрыты мікрафон, вольны ўваход. І на вечарынку зь бясплатным уваходам прыйшло вельмі мала народу. Тады ў мяне зьявілася трывога, бо ўжо былі першыя выпадкі. У канцы сакавіка я ўбачыў, што Андрэй Ткачоў (трэнэр, адзін з удзельнікаў кампаніі #BYCOVID. — РС) паехаў і за свае грошы дапамог мэдыкам. Потым пачаўся збор, і мяне зацягнула. 27 сакавіка мы зрабілі апошнюю вечарынку і афіцыйна абвясьцілі, што сыходзім на карантын. 1 красавіка правялі 12-гадзінны стрым на TUT. by («Комікі на карантыне». — РС), тады я ўжо быў у камандзе валянтэраў.
Знайшоў унутры сябе жарт: дома пачалі канчацца чыстыя рэчы і посуд. Каб не наводзіць парадак, мне трэба было знайсьці перад сваім сумленьнем афіцыйную прычыну пайсьці з дому. І я такі — ой, пайду ў валянтэры!
Спачатку нават мне пісалі, прышывалі нейкія палітычныя мэты, зарабляньне балаў для сябе. Мэта ў #BYCOVID адна: дапамагчы мэдыкам, якім гэта патрэбна.
«Мы баімся выказацца. Нават цяпер, калі кажу гэта, я думаю: „А ці магу я гэта гаварыць?“»
— Мы размаўляем 9 траўня. Прайшоў парад. Цябе штосьці зьвязвае з гэтым днём?
— Да 9 траўня кожны ставіцца з павагай. Мой прадзед прайшоў Першую ўсясьветную вайну, фінскую, пайшоў на Другую. У 1942-м недалёка ад Рагачова ён спрабаваў уцячы з палону, яго расстралялі. Штогод мы езьдзім на могілкі. Сёлета чакаем, пакуль усё скончыцца, каб узяць бабулю і паехаць. Мне здаецца, што традыцыя езьдзіць на могілкі лепшая, чым праводзіць парад і траціць грошы.
Я ня думаю, што ўсе нашыя бабулі і дзядулі хацелі б, каб мы некалькі стагодзьдзяў проста выстройвалі на гэтым ідэалёгію, аплаквалі. Тым больш што паводле гэтай ідэалёгіі яны далі нам жыцьцё. Дык давайце, можа, жыць?
— Як ты ставісься да сытуацыі з каранавірусам у краіне?
— Дарэчы, я супраць карантыну. Беларусь ня можа дазволіць сабе карантын. Украіна просіць грошы, бо іхнай эканоміцы цяпер нялёгка. З пункту гледжаньня эканомікі я лічу, што карантын забіў бы яе.
Але з пункту гледжаньня маралі — можна ж было аднаму чалавеку з павагай сказаць: «Людзі, грошай сапраўды няма, нам можа быць дупа. Але гэтая небясьпека сапраўды існуе». Вакол гэтага можна было б пабудаваць абʼяднаньне нацыі. Я не прыхільнік шмат якіх мэтадаў, якія ўжывае нашая дзяржава, але ў гэты момант я б яе падтрымаў.
Учора ўбачыў у «Твітэры» фразу пра сытуацыю з каранавірусам — «з маўклівай згоды ўхвалены генацыд». Нейкая частка грамадзтва разумее, што адбываецца штосьці ня вельмі добрае, але мы — ухваляючы — маўчым пра гэта.
Мы баімся выказацца. Нават цяпер, калі кажу гэта, я думаю: «А ці магу я гэта гаварыць?» А потым успамінаю, што мне губляць няма чаго. Я ў ніякім разе не хачу, каб хтосьці правёў аналёгію з нацысцкай Нямеччынай, бо гэта быў іншага роду генацыд. Тут адбываецца іншае. Магчыма, мы знойдзем правільнае слова для апісаньня.
Чаму ёсьць сувязь з Чарнобылем? Пакуль мы ня бачым рэальнай пагрозы, як з радыяцыяй, нам здаецца, што гэта ўсё хлусьня. Ніхто не разумеў тады, што такое радыяцыя. І ў красавіку 1986 году дзяржава гэтым скарысталася. Як сказаў адзін чалавек: «Вы вірус бачыце? І я таксама ня бачу». Але такая пазыцыя — гэта невуцтва.
Хачу згадаць бізнэс. Раней думаў, што айцішнікі — гэта пітоны, якія зажэрліся, набылі сабе «пірсаў» і іншых «новых баравых». Але не. Яны аднымі зь першых пачалі пералічваць вялікія сумы і прасілі не гаварыць пра гэта.
— Ты закрануў айцішнікаў. 8 траўня ў Facebook экс-дырэктара ПВТ Валера Цапкалы зьявіўся допіс пра намер балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах. Ты быў мадэратарам сустрэчы зь ім некалькі гадоў таму. Калі ён сапраўды пойдзе на выбары, аддасі голас за яго?
— Мы даведаемся, што ён пойдзе, да 15 траўня. Калі стане вядома, я змагу штосьці сказаць.
Мы зь ім размаўлялі па-за межамі той сустрэчы. У ім адчувалася сіла і лёгкая незадаволенасьць тым, што адбываецца ці то зь ім, ці то з ПВТ. Але не магу сказаць, што ён быў блізкі да апазыцыйных думак. Літаральна празь некалькі тыдняў пасьля гэтага яго зьнялі з пасады.
Але я ведаў яго крыху раней. Калі мой бацька працаваў у дзяржаўнай сыстэме, мы езьдзілі ў санаторый «Белая Русь» у Місхор (курорт на паўднёвым беразе Крыму. — РС). І мы жылі ў корпусе з Цапкалам. Ужо тады ён выклікаў у мяне зацікаўленасьць. Ён рана прачынаўся, шмат плаваў у басэйне, займаўся сабой. Ён быў адзін, у ім была сіла і энэргетыка. Ён прыемна камунікаваў, па вечарах мы крыху размаўлялі.
«Мне вельмі падабаюцца жарты пра былых, бо мы ўсе для кагосьці былыя»
— У Беларусі бясьпечна жартаваць пра палітыку?
— Калі ў цябе няма 100 тысяч падпісчыкаў, як у Сяргея Ціханоўскага, то так, бясьпечна. Якое ў мяне мэдыяполе? Ну, глядзяць пару тысяч у Instagram, на Youtube крыху, ходзяць да нас у StandUp Hall. Мы палічылі, што за паўгода да нас прыйшло каля 15 тысяч чалавек, зь якіх 3-4 тысячы — сталыя наведнікі.
У сваіх жартах я не абражаю. Калі жартую пра ўладу, то часьцей за ўсё ў іранічнай форме пераказваю штосьці. Потым дадаю сваё стаўленьне, думку і канкрэтна жарт. А за абразу ёсьць адказнасьць. Калі я перайду мяжу і выклікаю цікавасьць ва ўлады, то спачатку, думаю, са мной адбудзецца размова.
Унутры мяне ёсьць рэдактар, які не дазваляе мне жартаваць пра штосьці. Гэта не ад страху, а ад таго, што я імкнуся быць культурным чалавекам. Тонкі жарт нашмат лепшы, чым бруд.
— Перад інтэрвію гутарыла са знаёмай, і тая сказала, што ты сэксіст і жорстка жартуеш пра жанчын. Яны цябе нечым пакрыўдзілі?
— Жанчыны — гэта вечная тэма. Гэта як бацькі і дзеці. Чаму жартуем са свайго дзеда? Калі будзе пажар, каго першага трэба з дому выносіць? Дзеда! Калі жарт кранае — значыць ён працуе. Усе самыя крутыя жарты кагосьці кранаюць. Я не імкнуся пакрыўдзіць жанчын. Гэта ж наша выхаваньне і ўзровень самаіроніі.
Жанчыны таксама жартуюць пра тое, што мужчыны тупыя мужланы, спэрмабакі. Мы ж ня крыўдзімся!
Я абсалютна паважаю жанчын. Ёсьць тры зьявы ў жыцьці мужчыны, безь якіх яго жыцьцё поўнае лайно ў маім разуменьні: жанчыны, музыка і, асабіста для мяне, — сцэна. У кагосьці трэцяе можа быць іншае.
Мне вельмі падабаюцца жарты пра былых, бо мы ўсе для кагосьці былыя і ва ўсіх нас ёсьць былыя. Гэта дасяжная тэма. Я не магу жартаваць пра жыцьцё мільянэра, бо я не мільянэр. Але як былы, як кінуты — магу. Гэта будзе людзям блізка. Калі гэта кагосьці кранае, то выдатна.
— У Беларусі выгадна будаваць бізнэс на гумары?
— З пункту гледжаньня грошай тут можна рабіць бізнэс. Білет у StandUp Hall быў бы таньнейшы, калі б была ніжэйшая арэнда, камуналка. Нашая ўстанова 9 месяцаў працавала. У лістападзе быў рост, зіма была цудоўным часам.
Я ня ўмею прасіць грошай, але мае партнэры пераканалі мяне зрабіць гэты збор на MolaMola. Я думаў, рублёў 500 ахвяруюць, а там ужо больш за 3 тысячы. У нас ёсьць яшчэ рахунак на Яндэксе, дык туды прыйшла маскоўская тусоўка!
У нас няма забаўляльных праектаў, як, напрыклад, у Кіеве. Няма сыткомаў. Мы спрабавалі пісаць беларускі сытком на замову «Беларусьфільму». У выніку нас выкінулі, сытком дагэтуль не здалі, а проста «асвоілі грошы». Ён называецца «Ілюзіі». Вось яны проста «ілюзіі» і зрабілі. Хацелася б, каб камітэт Дзяржкантролю пацікавіўся, чаму гэты прадукт не набыў ніводзін беларускі канал і чаму гэты сытком нікому не спатрэбіўся. Ды таму, што ім займаліся непрафэсіяналы! Пісаў чалавек, які ніколі не пісаў сыткомаў. Здымаў чалавек, які ніколі не здымаў камэдый. А нас запрасіў рэдактар, які спрабаваў уратаваць сытуацыю. Мы перапісалі дзьве сэрыі і пасварыліся з рэжысэрам, бо ён сказаў, што ня будзе гэта здымаць.
— Прыдумаў жарт пра каранавірус?
— Тое, што прыдумляю, адразу пішу ў «Твітэр». Ёсьць жарты, якія мне падабаюцца, а ёсьць тэхнічныя, калі на гэтую тэму проста трэба пажартаваць. Ну вось: фраза «Схадзіць на парад, каб разьвеяцца», набывае новы сэнс. Гэта «тэхнічны» жарт.
Калі зьявіцца любімы жарт — значыць, канец карʼеры. Любімы жарт заўсёды наперадзе.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ