Жыхара Ліды Паўла Анціпкіна асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Рашэньне вынес суд Лідзкага раёну 11 траўня.
44-гадовага Паўла Анціпкіна асудзілі за тое, што браў удзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якую суд палічыў недазволеным масавым мерапрыемствам. Пра гэта Свабодзе расказаў лідзкі актывіст Дзяніс Рудзевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 сутак. Затрыманых перад парадам асудзілі на штрафы і арыштыАнціпкін — бацька чацьвярых дзяцей, працуе мэханікам. Падтрымаць яго на суд зранку прыйшлі жонка, дачка, маці, знаёмыя. Аднак нікога на паседжаньне не пусьцілі. Спачатку іх прасілі пачакаць, нібыта няма інфармацыі пра пачатак суду. Перад закрыцьцём будынка суду на абед прысутныя даведаліся, што рашэньне ўжо вынесьлі.
Як расказала Свабодзе Лідзія Анціпкіна, жонка Паўла, яго затрымалі 8 траўня на лецішчы ў брудным працоўным адзеньні. Неўзабаве ад хваляваньня ў яго падскочыў ціск да 210, паднялася тэмпэратура. Сваякі здолелі перадаць яму ў ізалятар лекі. Мужчыну не пасьпелі асудзіць перад выходнымі разам зь іншымі затрыманымі ў «справе блогераў».
Напярэдадні, 8 траўня, у Лідзе асудзілі яшчэ пяць прыхільнікаў Ціханоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двух мэдыкаў зь Ліды асудзілі за ўдзел у сустрэчы з блогерам ЦіханоўскімФэльчары Павал Палейчык і Алег Краўцоў, а таксама жыхары Ліды Андрэй Паляковіч і Максім Палонскі атрымалі па 7 сутак арышту, Генадзь Паўлюкевіч — штраф у памеры 270 рублёў.
На плятформе MolaMola пачалі збор сродкаў у падтрымку затрыманым лідзянам. На 11 траўня сабралі 5225 рублёў.
Блогера Сяргея Ціханоўскага, аўтара Youtube-каналу «Страна для жизни» міліцыя затрымала ў Магілёве 6 траўня. Яго накіравалі адбываць прызначаныя раней судом 15 сутак.
Пазьней міліцыя затрымала больш за сто чалавек па ўсёй краіне, якія падтрымлівалі Ціханоўскага, у тым ліку, мэдыкаў, блогераў і журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці фэльчара зь Ліды: «І рот цяпер раскрыць нельга, атрымліваецца?!» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка асуджанага фэльчара зь Ліды: «Свабода слова павінна быць»