Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня, сьпісы ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня. Некаторыя палітычныя сілы адмаўляюцца ад удзелу ў такіх выбарах, іншыя абвяшчаюць набор у ініцыятыўныя групы.
Ня ўдзельнічаюць
Партыя БНФ выдала заяву сойму па выніках інтэрнэт-паседжаньня 10 траўня:
«Уцягваць людзей у выбарчае махлярства падчас пандэміі — двайное злачынства». Паводле партыі, правядзеньне выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі каранавірусу — «гранічна безадказнае і небясьпечнае», а то і немагчымае. Партыя БНФ ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, вылучаць свайго кандыдата або падтрымліваць кагосьці з кандыдатаў, заклікае ўсіх адмовіцца ад вылучэньня кандыдатураў.
Падобную заяву 10 траўня выдала партыя «Справядлівы сьвет». Партыя ацэньвае правядзеньне выбараў ва ўмовах пандэміі як «безадказнае і злачыннае» — выбарчая кампанія прадугледжвае шчыльныя кантакты сотняў тысяч людзей, што стварае пагрозу іхнаму здароўю і жыцьцю. Партыя таксама заяўляе аб немагчымасьці свайго ўдзелу ў кампаніі і прапануе перанесьці выбары на час пасьля заканчэньня эпідэміі COVID-19.
Абноўлена: 11 траўня беларуская партыя «Зялёныя» таксама заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі — заяву партыі перадае БелаПАН. «Зялёныя» лічаць, што дата выбараў зрушыла першую частку выбарчай кампаніі на пік пандэміі каранавірусу, а таксама «стварыла няроўныя ўмовы для кандыдатаў». Таксама партыя заяўляе, што «ўлады самаўхіліліся ад вырашэньня гэтай праблемы, не прапанаваўшы бясьпечны для чальцоў камандаў кандыдатаў і выбарнікаў спосаб кантакту падчас кампаніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец заклікаў да байкоту выбараў падчас пандэміі
Зьбіраюцца ўдзельнічаць
На старонцы былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валерыя Цапкалы 10 траўня зьявілася ўжо другая і трэцяя абвесткі наконт выбараў: аб наборы ў ініцыятыўную групу. Былы дыплямат і былы дырэктар адміністрацыі ПВТ таксама заявіў, што мае праграму, але ня можа пра яе расказваць з прычыны абмежаваньняў законам. Сам Цапкала не заяўляў аб удзеле ў выбарах на публіцы або ў інтэрвію прэсе — кампанію пакуль «вядзе» толькі Facebook-старонка ад ягонага імя.
Таксама 10 траўня аб наборы ў каманду абвясьціў Сяргей Чэрачань. Праўда, на ягоных старонках практычна ня згадваецца, што ён зьяўляецца старшынём партыі БСДГ, але на некаторых старонках партыі ў сацсетках ёсьць рэпосты ягонага звароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнікі праймэрыз спынілі вылучэньне адзінага кандыдата і абвясьцілі новую кампанію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў заявіў, што ідзе ў прэзыдэнты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ чацьвёра сабраліся ў прэзыдэнты: фэрмэр, два прадпрымальнікі і актывіст-каталікСтаршыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч яшчэ 8 траўня паведаміў у сваім акаўнце на Facebook, што ў ягонай ініцыятыўнай групе ўжо 4 тысячы чалавек.
Мікола Статкевіч раней казаў, што на выбары вылучае «каля 30 пратэставых кандыдатаў» — і сваю кандыдатуру таксама. Подпісы Статкевіч і паплечнікі зьбіраць ня будуць, а хочуць скарыстаць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы для магчымасьці збору людзей на вуліцы. Ужо 14 траўня Мікола Статкевіч і яго паплечнікі панясуць дакумэнты на рэгістрацыю ў ЦВК і запрашаюць «далучыцца прыхільнікаў сумленных выбараў».
Пад пытаньнем
Блогер Сяргей Ціханоўскі заяўляў аб жаданьні выставіць сваю кандыдатуру, але цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні і ня зможа падаць заяву да 15 траўня. Статкевіч сьцьвярджае, што за Ціханоўскага будуць падаваць заяву ягоныя прыхільнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіч: ініцыятыўную групу за зьняволенага Ціханоўскага зарэгіструюць ягоныя прыхільнікіГанна Канапацкая не адказвала адназначна на пытаньні аб удзеле ў выбарах і абяцала расказаць пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 12 траўня.
Пра жаданьне ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата таксама казалі «суворы турыст» Віталь Зялкоўскі і лідэр кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук — яны пакуль не рабілі абвестак аб наборы ініцыятыўных групаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго затрымалі за салідарнасьць з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. СьпісПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.