Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец заклікаў да байкоту выбараў падчас пандэміі


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец ня будзе ўдзельнічаць у прызначаных на 9 жніўня выбарах прэзыдэнта Беларусі і падтрымліваць палітыкаў ад апазыцыйных партый і структур, якія вылучаюць свае кандыдатуры.

«Ніякіх выбараў няма, — заявіў Павал Севярынец у камэнтары БелаПАН. — У гэтым годзе накладваецца яшчэ і пандэмія каранавірусу. А Лукашэнка практычна на піку гэтай пандэміі, калі па ўсёй Беларусі перапоўненыя бальніцы, людзі паміраюць, зьбіраецца правесьці парад і, верагодна, аб’явіць на ім аб тым, што ідзе на наступны тэрмін. Гэта проста дэманічная карціна. Нават проста як вернік я ў гэтым удзельнічаць не магу».

Сустаршыня БХД заявіў, што будзе працаваць дзеля таго, каб беларусы пайшлі на акт «грамадзянскага непадпарадкаваньня» у сувязі зь дзеяньнямі ўладаў на фоне пандэміі COVID-19:

«Грамадзянская непадпарадкаваньне — вось, што павінна быць. Каб людзі не хадзілі на гэтыя парады, канцэрты, не хадзілі на гэтыя дэманічныя спэктаклі накшталт „выбараў у чумным бараку“. Таму няўдзел, эканамічны байкот і падрыхтоўка да нацыянальнага страйку, які пройдзе, калі скончыцца гэтая пандэмія. Пасьля — масавыя пратэсты, а злачынцаў — пад суд», — заявіў Севярынец.

Павал Севярынец быў адным з удзельнікаў апазцыйных праймэрыз — кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкіх сілаў, у якой удзельнічала 5 палітыкаў. Аднак 16 сакавіка ён спыніў свой удзел у кампаніі, заявіўшы, што прычыны гэтаму дзьве: пандэмія каранавірусу і «масавае галасаваньне райвыканкамаў». Ён казаў, што прапаноўваў іншым удзельнікам праймэрыз спыніць галасаваньне ў рэгіёнах у сувязі з каранавірусам і казаў пра неабходнасьць рэагаваць на ўдзел прадстаўнікоў улады і праўладных арганізацый у галасаваньні, аднак «ні адна з прапановаў не знайшла падтрымкі».

Пазьней іншыя ўдзельнікі праймэрыз адмовіліся ад паездак па рэгіёнах, правялі інтэрнэт-апытаньне па трох кандыдатурах ад апазыцыі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG