Жыхары Берасьця 10 траўня выйшлі на ўжо традыцыйную акцыю супраць запуску акумулятарнага заводу — два гады па нядзелях яны выходзяць «карміць галубоў» у цэнтар гораду. Акцыя прайшла без транспарантаў і лёзунгаў.
Як піша «Брестская газета», пасьля акцыі АМАП затрымаў праваабаронцу Рамана Кісьляка (відэа затрыманьня публікуюць у суполцы праціўнікаў заводу), а таксама мужчыну, якога некаторыя ўдзельнікі палічылі правакатарам — той прыйшоў на плошчу з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўным сьцягам, шыльдай з надпісам «Я/мы Лукашенко. Освободим патриотов Беларуси Тихановского и Петрухина». Таксама могуць быць затрыманыя яшчэ два ўдзельнікі акцыі — інфармацыя пра іхнае затрыманьне не пацьверджаная.
Tut.by адзначае, што Кісьляка затрымалі, калі ён здымаў на відэа затрыманьне мужчыны з партрэтам Лукашэнкі.
Паводле назіраньняў «Эўрарадыё», у акцыі ўдзельнічалі каля 200 чалавек, а паводле падлікаў Кісьляка, якія перадае БелаПАН, было 230. Цягам некалькіх дзён да акцыі былі затрыманыя актывісты Ўладзімер Мароз, Юры Калько, Дзяніс Малышэнка, Канстатцін Астапук, Алег Вялаў, Сяргей Пятрухін (апошні сустракае ў ізалятары дзень народзінаў). Блогер Аляксандар Кабанаў у лякарні пад назіраньнем міліцыянтаў.
Удзельнікі акцыі, сьцьвярджаў Кісьляк, намагаліся трымаць бясьпечную дыстанцыю, многія прыйшлі ў мэдычных масках у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго затрымалі за пратэст супраць параду падчас пандэміі. Сьпіс ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да затрыманых актывістаў «Моладзевага блёку» не пускаюць адвакатаўПратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.