Адзіны ў сьвеце парад, прысьвечаны юбілею Перамогі, адбыўся ў Менску. Акрамя таго, вечарам 9 траўня будзе вялікі канцэрт і фаервэрк.
Здавалася б, сьвята ўдалося, Лукашэнка можа адчуваць сябе трыюмфатарам. Аднак трыюмф атрымаўся змазаным, Лукашэнка застаўся ў палітычнай адзіноце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парад і гуляньні ў Менску падчас пандэміі, пратэст у Бабруйску. Што адбывалася 9 траўня
Трыюмфатары не апраўдваюцца
Засталося нэгатыўнае ўражаньне ад паведамленьняў, як па разнарадцы людзей склікалі на трыбуны параду, каб штучна стварыць масавасьць. Асабліва на тле таго, што Лукашэнка абяцаў: нікога заганяць ня будзем.
Тым ня менш, гэтым разам гасьцей на парадзе было меней, чым звычайна. У самім выступе Лукашэнкі на парадзе адчуваўся нейкі комплекс адзіноты, ізаляцыі, можа нават ізгоя. Паказальна, што ён пачаў сваю ўрачыстую прамову на парадзе з апраўданьня:
«У гэтым звар’яцелым сьвеце, які страціў арыенціры, знойдуцца людзі, якія асуджаюць нас за месца і час правядзеньня гэтага сьвятога дзейства. Хачу ім сказаць па-чалавечы: не сьпяшайцеся рабіць высновы, а тым больш асуджаць нас — нашчадкаў Перамогі, беларусаў. Мы проста не маглі інакш, у нас не было іншага выбару».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра парад падчас пандэміі: «Не бярыцеся асуджаць нас»Відавочна, тут праявіўся фірмовы палітычны стыль Лукашэнкі, які грунтуецца на пэрманэнтнай палеміцы, змаганьні зь нейкімі ці то ворагамі, ці то апанэнтамі. Але ж, па вялікім рахунку, трыюмфатары не апраўдваюцца. Бо нават Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндавала не праводзіць парад.
Замежныя госьці не прыехалі
Палітычная адзінота выявілася і ў тым, што на сьвята не зьявіліся ніякія заўважныя замежныя госьці. А Лукашэнка запрашаў прыехаць у Менск лідэраў постсавецкіх дзяржаваў. Ён казаў, што нібыта «асобныя расейскія дэпутаты і сэнатары таксама выказалі жаданьне наведаць парад у Менску». І заклікаў расейскае тэлебачаньне «паказаць наш парад расейцам».
Але дарэмна. Ніхто не прыехаў. «Асобныя расейскія дэпутаты і сэнатары» ці то перадумалі, ці іх не пусьцілі. Увогуле на парадзе прысутнічала толькі 18 амбасадараў з 45 краін, прадстаўленых у Беларусі. Не палічылі магчымым наведаць падзею амбасадары краінаў Эўразьвязу, акрамя Вугоршчыны і Славаччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць амбасадараў краінаў Эўразьвязу не прыйшлі на парад у МенскуІ ў грамадзтве парад выклікаў зусім не пазытыўную рэакцыю. У сацыяльных сетках яго называюць «балем падчас чумы». Цень каранавірусу вісела над гэтым парадам.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.