Як паўплывае пандэмія на кампанію выбараў прэзыдэнта Беларусі? Якія ідэі можа прапанаваць улада? Што стане асноўным лёзунгам Аляксандра Лукашэнкі? Ці зьявяцца кандыдаты, якія будуць заяўляць, што яны не з уладай і не з апазыцыяй?
Гэтыя ды іншыя пытаньні ў праграме «Праскі акцэнт» абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст.
Сьцісла:
Дракахруст:
- Парадокс у тым, што большая частка апазыцыйных кандыдатаў выступае за карантын. І, зьбіраючы подпісы, яны будуць ісьці супраць сябе.
- Праймэрыз былі задуманыя як дэманстрацыя адзінства, але яны прадэманстравалі акурат адваротнае — няздольнасьць да кансалідацыі
- Узьнікае іншы матыватар для байкоту — трывога за жыцьцё і здароўе.
- Лукашэнка становіцца адэптам нейкага асаблівага шляху Беларусі.
- Канапацкая, Бабарыка, Ціханоўскі — ва ўсіх прысутнічае стаўленьне з паразуменьнем да Масквы.
Карбалевіч:
- Цяперашнія выбары будуць рытуалам у абсалюце.
- Калі б былі сапраўдныя выбары, то каранавірус ствараў бы дадатковыя праблемы Лукашэнку.
- Выбарам даты 9 жніўня ўлады сьвядома паказалі, што яўка іх ужо зусім не хвалюе.
- Ідэя выжываньня ў неспрыяльных умовах будзе важнай тэмай кампаніі Лукашэнкі.
Цыганкоў: Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначылі на 9 жніўня. Як выглядае краявід перад бітвай? Чым у цэлым адметная сытуацыя на гэты момант? Які ўплыў аказвае пандэмія на выбарчую кампанію, якая ўпершыню ў гісторыі пройдзе ў такіх незвычайных умовах?
Карбалевіч: Як вядома, беларускія выбары — гэта, па вялікім рахунку, рытуал, фармальнасьць. Але вось цяперашнія выбары ў гэтым сэнсе будуць рытуалам у абсалюце. Улады ўсё для гэтага зрабілі.
Найперш, наконт даты. Атрымалася вельмі элегантна. Ярмошына ўсіх запэўнівала, што выбары, хутчэй за ўсё, будуць прызначаныя на 30 жніўня, гэта аптымальная дата. Да гэтай даты ўсе рыхтаваліся. Правацэнтрысцкая кааліцыя прызначыла Кангрэс дэмакратычных сілаў на канец траўня. І тут раптам усё пераносіцца амаль на тры тыдні раней. Ніхто з апанэнтаў не гатовы. Правацэнтрысцкая кааліцыя заблыталася з праймэрыз. Цяпер зразумела, навошта так экстрана затрымалі блогера Ціханоўскага.
Ня першы раз Лукашэнка робіць такі ход. У 2006 годзе выбары былі перанесеныя на чатыры месяцы раней, каб ня даць магчымасьці апазыцыі пасьпець арганізавацца вакол Аляксандра Мілінкевіча.
Пандэмія каранавірусу на пад’ёме. І ў гэты момант трэба хутка, за тыдзень, скласьці сьпісы ініцыятыўных групаў. А ў чэрвені, калі краіна выйдзе, імаверна, толькі на пік захворваньняў, трэба зьбіраць подпісы.
Думаю, 100 тысяч ніхто не зьбярэ. І гэтае дае ўладам поўную магчымасьць самой выбіраць, фактычна прызначаць сабе апанэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто яшчэ хоча быць прэзыдэнтам Беларусі. СьпісДракахруст: Я згодны з Валерам, што галоўным чыньнікам выбарчай кампаніі будзе каранавірус. І гэта вельмі ўскладніць збор подпісаў, людзі будуць не пускаць зьбіральнікаў подпісаў у кватэры. Акрамя таго, парадокс у тым, што большая частка апазыцыйных кандыдатаў выступае за карантын. І, зьбіраючы подпісы, яны будуць ісьці супраць сябе. Таму сапраўды бяз пэўнага спрыяньня ўладаў сабраць подпісы можа не атрымацца.
Што тычыцца прызначаных тэрмінаў — 9 жніўня, я ня думаю, што гэтыя тры тыдні настолькі важныя, што яны ламаюць нейкія пляны. Асабліва плянаў і не было. Праймэрыз былі задуманыя як дэманстрацыя еднасьці, але яны прадэманстравалі акурат адваротнае — няздольнасьць да кансалідацыі. Спачатку выкінулі з працэсу Канапацкую, потым выйшлі Севярынец і Янукевіч, потым пачаліся скандалы з Губарэвічам і Рымашэўскім.
Цыганкоў: Я ўдакладню. З выказаных вамі меркаваньняў вынікае, што каранавірус дае нейкую перавагу ў правядзеньні кампаніі Лукашэнку? Нягледзячы на тое, што пандэмія спрыяе эканамічнаму крызісу і недаверу насельніцтва да ўлады?
Карбалевіч: У прынцыпе, так. Калі б былі сапраўдныя выбары, то каранавірус ствараў бы Лукашэнку дадатковыя праблемы. Але паколькі рэальных выбараў няма і кампанія будзе ў фармальным, рытуальным сэнсе, то гэтая сытуацыя працуе на Лукашэнку. Тым больш, што на каранавірус можна сьпісаць усе эканамічныя праблемы.
Дракахруст: Сапраўды, існуе вялікі патэнцыял нездавальненьня і абурэньня. Калі сёньня чыста электаральна спытаць людзей, за каго б вы прагаласавалі, то, магчыма, сапраўды цяпер рэйтынг Лукашэнкі на мінімуме, магчыма нават, на гістарычным мінімуме. Але не відаць, вакол якой асобы сканцэнтраваліся б гэтыя пратэставыя настроі. Ні пра кога нельга сказаць, што на сёньня гэта лідэр беларускай апазыцыі, лідэр беларускай альтэрнатывы.
І таму гэтае нездавальненьне можа проста даць на выхадзе няяўку, нежаданьне ўдзельнічаць у гэтых выбарах.
Цыганкоў: Наколькі, на вашую думку, моцныя ў грамадзтве пазыцыі тых, хто выступае за байкот выбараў? Ці ўзмацніліся гэтыя настроі пасьля таго, як на бок байкоту фактычна перайшоў Севярынец? Ці будзе гэта нейкім фактарам у кампаніі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец заклікаў да байкоту выбараў падчас пандэмііДракахруст: Байкот, ці ігнор, ці няўдзел можа стаць папулярным. Тое, што кажа і да чаго заклікае Павал Севярынец (пры ўсёй павазе да яго) — наўрад ці кардынальна паўплывае на думкі мільёнаў людзей.
А вось што сапраўды паўплывае — гэта каранавірус. Ранейшая матывацыя за байкот мела менавіта палітычнае і маральнае значэньне — «мы выкажам сваю думку, выбары — фарс, яны ня маюць значэньня». Але цяпер узьнікае іншы матыватар — «нас гоняць на выбары», і мы рэальна рызыкуем сваім здароўем і жыцьцём. А ці трэба нам гэта? Шмат людзей без усякіх заклікаў палітыкаў будуць кіравацца гэтым простым мэханізмам.
Удалыя байкоты ў Беларусі атрымліваліся зусім не тады, калі апазыцыя да іх заклікала. У 2017 годзе, калі «дармаедам» разаслалі 400 тысяч лістоў з патрабаваньнем сплаціць зборы — то сплацілі толькі 10 працэнтаў, астатнія адмовіліся. Бо палічылі гэта несправядлівым.
Карбалевіч: Я думаю, што настроі няўдзелу ў выбарах сапраўды ўзмацніліся. Але выбарам даты 9 жніўня ўлады сьвядома паказалі, што яўка іх ужо зусім не хвалюе. Бо ў гэты час людзей, гатовых ісьці галасаваць, будзе зусім няшмат.
Наконт вірусу. Мяркую, да гэтага моманту пік хваробы будзе пройдзены, і гэты чыньнік будзе не такі ўжо і важны, каб уплываць на яўку. Тут спрацуюць іншыя чыньнікі. Бо ў гэты час ня будзе студэнтаў у інтэрнатах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не бравада». Лукашэнка выказаўся пра адсутнасьць карантыну і парад падчас пандэмііЖнівень — гэта месяц, калі адкрыюцца ўсе краіны для турыстаў і адпачывальнікаў пасьля доўгай пандэміі. І вялізная колькасьць беларусаў рынецца за мяжу. Раней гэтыя паездкі да мора былі расьцягнутыя на ўвесь сэзон, пачынаючы з траўня. Цяпер усё адчыніцца толькі ў жніўні, і ўсе паедуць у адпачынак якраз падчас галасаваньня.
То бок яўкі ня будзе. На гэтым тле будзе байкот. Ну, апазыцыя скажа, што байкот атрымаўся. Але, каго гэта хвалюе, што людзі на ўчасткі ня прыйдуць? Улады навучыліся праводзіць выбары бяз выбарнікаў.
Цыганкоў: Якія асноўныя ідэі можа прапанаваць улада на гэтых выбарах, што стане галоўным лёзунгам кампаніі Аляксандра Лукашэнкі? Здаецца, «стабільнасьць» ужо выклікае раздражненьне ў большасьці людзей. Што тады ўзамен? Абарона сувэрэнітэту супраць Расеі, падкрэсьліваньне самастойнасьці і асаблівага шляху Беларусі?
Дракахруст: Так, мы ўжо бачым, што ўсё схіляецца да лёзунгу пра абарону незалежнасьці. І ў гэтым сэнсе ёсьць пэўны гістарычны парадокс. Бо Лукашэнка прыходзіў да ўлады ў 1994 годзе з аб’яднаўчымі лёзунгамі — інтэграцыя з Расеяй, настальгія па СССР. А цяпер ён становіцца адэптам нейкага асаблівага шляху Беларусі. «Мы не такія, як усе, мы абраны народ, мы самыя разумныя ў гэтым сьвеце».
Гэта і стане асноўнай тэмай кампаніі. Маўляў, мы ўсіх перамаглі і эканоміку не разбурылі. Тым больш, сапраўды, на час выбараў, відаць, ужо пік каранавірусу будзе пяройдзены. Ужо ў мінулым застанецца гэтая навала, і гэта будзе ўплываць на настроі людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пытаньняў больш, чым адказаў». Як будуць назіраць за беларускімі выбарамі падчас пандэмііКарбалевіч: А навошта Лукашэнку нейкія ідэі? Яны яму, па вялікім рахунку, непатрэбныя. Калі выбары — рытуал, то і ідэі будуць чыста рытуальныя. У асноўным старыя. Тая ж стабільнасьць. Другая ідэя — сувэрэнітэт і незалежнасьць. Хоць ня думаю, што кампанія пройдзе на тле стварэньня з Расеі вобраза ворага.
Мяркую, што важным фонам у рыторыцы будзе пандэмія каранавірусу. Найперш, яна будзе выдатнай «адмазкай», каб тлумачыць дрэнны сацыяльна-эканамічны стан у краіне. Маўляў, я не вінаваты ў нізкіх заробках і пэнсіях. Ва ўсім сьвеце эканоміка ўпала.
Другі момант. Лукашэнка і цяпер кажа, што пандэмія — гэта спосаб вялікіх дзяржаў перадзяліць сьвет. Таму наша задача — выжыць у гэтых цяжкіх умовах. Ідэя выжываньня ў неспрыяльных умовах таксама будзе важнай тэмай кампаніі Лукашэнкі.
Цыганкоў: З чым падышла да выбараў апазыцыя? Праймэрыз ня выклікалі вялікага інтарэсу ў грамадзтве, але, зь іншага боку, нездавальненьне людзей вялікае. І тут замест статуснай апазыцыі на гэтым полі нездаволенасьці і нават адчаю могуць усплыць зусім нечаканыя асобы, кшталту вядомых блогераў. Ці рэалістычна гэта, ці можа гэта сапраўды стаць чыньнікам вялікай палітыкі? Раней амаль на кожных прэзыдэнцкіх выбарах зьяўляліся кандыдаты, якія заяўлялі, што мы не ад улады і не ад апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдаты, пратэсты, вынікі. Як у Беларусі праходзілі прэзыдэнцкія выбары: 1994—2015Карбалевіч: Праблема ў тым, што толькі палітык, якога зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты і які будзе выступаць па тэлевізіі, можа стаць цэнтрам кансалідацыі, вакол якога могуць аб’яднацца розныя незадаволеныя. Калі ж нейкая палітычная фігура ня пройдзе гэты этап рэгістрацыі, ня зможа весьці цэлы месяц агітацыйную кампанію, яна наўрад ці можа прэтэндаваць на статус сур’ёзнага апанэнта Лукашэнкі. А паколькі, як я лічу, 100 тысяч подпісаў не зьбярэ ніхто, то дзейны кіраўнік атрымае магчымасьць самому выбіраць сабе апанэнтаў.
Яшчэ момант. Калі не зарэгіструюць нейкага статуснага лідэра апазыцыі, то ўладам давядзецца неяк ня тое што апраўдвацца перад Захадам, а хоць бы нешта тлумачыць. А вось калі не зарэгіструюць нейкага ўмоўнага Ціханоўскага ці Бабарыку, то ня будзе патрэбы нікому нічога тлумачыць.
Дракахруст: Я не зусім пагаджуся з Валерам. Ён у падтэксьце разглядае гэтую кампанію як выбары. Але гэта ня выбары. Гэта нагода. Нагода заявіць пра сябе. Гэта той момант, калі грамадзтва задумваецца пра альтэрнатыву. І ў гэтым сэнсе кантэкст кампаніі — магчымасьць заявіць пра сябе. Ці будзе гэты чалавек зарэгістраваны, ці прагаласуюць за яго — гэта, вядома, важна. Але гэта найперш заяўка пра сябе, — і, магчыма, нават на жыцьцё пасьля выбараў. Набыцьцё сымбалічнага капіталу, які потым можна нарошчваць, жыцьцё не сканчаецца 9 жніўня.
І тут я бачу трох гульцоў, якія гатовыя пайсьці ў гэтую кампанію менавіта з такім прыцэлам. Гэта блогер Ціханоўскі, які ўжо заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, гэта банкір Бабарыка, які апошнім часам ледзь ня кожны тыдзень друкуе ў розных СМІ праграмныя артыкулы — калі не з палітычнымі мэтамі, то навошта? І гэта Ганна Канапацкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзе няпроста». Як апанэнты Лукашэнкі рыхтуюцца да выбараўВа ўсіх трох я б абазначыў нешта агульнае — стаўленьне з паразуменьнем да Масквы. Я не кажу, што яны могуць стаць прамаскоўскімі кандыдатамі, але заўважна, што яны ня ворагі Масквы. Нядаўняя заява Канапацкай у абарону высланых журналістаў Першага каналу. Патас некаторых артыкулаў Бабарыкі. Размовы пра пэўныя працоўныя сувязі Ціханоўскага. Я не кажу, што яны нейкія стаўленікі Масквы, але відавочна, што пасыл іхні зусім не антырасейскі.
Карбалевіч: Калі глядзець на палітычны экран вачыма не палітызаванай публікі, не фэйсбучнай супольнасьці, а простага абывацеля, то толькі той палітык, які будзе афіцыйным кандыдатам, выступіць па ТБ, будзе месяц весьці агітацыю, можа стаць альтэрнатывай. Калі яны ня дойдуць да гэтага этапу, то блогер так і застанецца блогерам, якіх нямала, банкір застанецца банкірам, які асьцярожна крытыкуе ўладу. Афіцыйная рэгістрацыя — гэта прынцыпова важны рубеж.
Дракахруст: Я не казаў, што гэты рубеж ня важны. Зразумела, яны паспрабуюць зарэгістравацца і прайсьці ўсе этапы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.