Звольненаму пасьля інтэрвію кіраўніку віцебскага шпіталя прапанавалі новую працу

Сяргей Лазар, архіўнае фота

Былы галоўны доктар віцебскай бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі (БХМД) Сяргей Лазар, якога звольнілі 30 красавіка, застанецца ў мэдыцыне: яму прапанавалі некалькі варыянтаў працы, у тым ліку кіраўніком, паведаміў Tut.by кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі.

Таксама Вішнявецкі дадаў, што звальненьне Лазара не зьвязана з публікацыяй Tut.by.

«Ваш рэпартаж з БХМД дакладна ня мае ніякага дачыненьня да звальненьня галоўнага доктара. Працоўныя адносіны зь ім спыненыя па згодзе бакоў. Сяргею Віктаравічу прапанавана некалькі варыянтаў працы. Ён выбірае, куды пойдзе. Я не зьбіраюся сьпісваць яго як кіраўніка. Іншае пытаньне, ці захоча ён быць кіраўніком, ці захоча працаваць доктарам? Гэта рашэньне прыме ён сам. За ім цяпер — права і слова. Калі ён падумае, дзе будзе працаваць, і вырашыць, то паведаміць пра гэта», — сказаў Вішнявецкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнага лекара віцебскага шпіталя звольнілі пасьля публікацыі на Tut.by. Міністэрства здароўя: сувязі няма

У Віцебску 30 красавіка звольнілі з пасады галоўнага доктара гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, дэпутата гарсавету Сяргея Лазара. Некаторыя лічаць, што звальненьне галоўнага доктара зьвязана з публікацыяй на найбуйнейшым інтэрнэт-партале Беларусі, у якой расказана аб працы лекараў і мэдсёстраў у «бруднай зоне» шпіталя хуткай дапамогі падчас эпідэміі каранавірусу.

У Міністэрстве аховы здароўя Tut.by сказалі, што разрыў працоўных адносін з гэтым не зьвязаны. Сам Сяргей Лазар адмаўляецца камэнтаваць звальненьне.

55-гадовы Сяргей Лазар узначальваў віцебскую лякарню хуткай дапамогі з 2015 году. Абавязкі галоўнага доктара цяпер выконвае былы намесьнік Лазара Аляксандар Віньнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар здароўя Каранік абяцаў «перадышку» лекарам у Віцебску