Улада ўсё робіць, каб сацыяльны выбух стаў рэальнасьцю, — прафсаюзны лідэр

Акцыя супраць дэкрэту пра дармаедаў, Горадня, сакавік 2017

Старшыня Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук тлумачыць, чаму беларуская ўлада не дапамагае людзям, што страцілі даходы ў выніку пандэміі каранавірусу, заяўляе, што працоўныя робяцца ўсё больш бяспраўнымі, і тлумачыць, які пляцдарм трымаюць незалежныя прафсаюзы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

  • Чакалі, што ўлада нешта зробіць, каб дапамагчы працоўным. Але ва ўказе № 143 пра гэта няма ані слова.
  • Калі ладзіш парады, масавыя мерапрыемствы, «Славянскія базары» — як можна казаць, што няма грошай на падтрымку людзей?
  • ФПБ — гэта проста адна з галінаў улады, частка сыстэмы, якая адказвае за сфэру кантролю над працоўнымі
  • Лукашэнка цяпер крыху прыкусіў язык, можа, да яго даходзіць, што сапраўды можа быць сацыяльны выбух.

— 1 траўня, у дзень, які нездарма мае назву «Міжнародны дзень салідарнасьці працоўных», варта пагаварыць пра тое, як у Беларусі выглядае сытуацыя з правамі працоўных. Асабліва на фоне каранавірусу, калі мы ўжо назіраем, як масава звальняюць людзей, закрываюцца малыя прадпрыемствы. Ці не парушаюцца пры гэтым працоўныя правы? І ці магчыма іх адстаяць?

— Сапраўды, варта вярнуць першапачатковы сэнс 1 траўня — ня сьвята, а дзень барацьбы за правы працоўных. У гэты дзень людзі выходзяць на вуліцы, каб змагацца за свае правы, каб выказаць сваю пазыцыю супраць працоўнай дыскрымінацыі, вылучыць патрабаваньні да сваіх урадаў.

У Беларусі ўсё па-іншаму. Зусім нядаўна выйшаў указ прэзыдэнта № 143 аб падтрымцы эканомікі, які красамоўна дэманструе, як беларуская ўлада ставіцца да правоў працоўных, да неабходнасьці ім дапамагчы. І без надыходу каранавірусу справы ў беларускай эканоміцы былі ня вельмі добрыя, заробкі не растуць ужо 10 гадоў.

Аляксандар Ярашук

У такой сытуацыі, якая найперш адбілася на працоўных — многія зь іх былі звольненыя альбо вымушаныя працаваць у няпоўнай занятасьці, — можна было чакаць, што ўлада нешта зробіць, каб дапамагчы працоўным. Але ва ўказе пра гэта няма ані слова. Экспэрты даўно казалі, што дапамогу па беспрацоўі трэба давесьці да мінімальнага спажывецкага бюджэту, цяпер гэта 513 рублёў. Пасьля таго як выйшаў указ і ўлады пачулі вялізарнае нездавальненьне грамадзкасьці, віцэ-прэм’ер Круты сказаў, што ўлады будуць падвышаць дапамогу па беспрацоўі. Калі? Калі пандэмія ўжо скончыцца?

— Гэтае бязьдзеяньне кіраўніцтва краіны, магчыма, адлюстроўвае стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі да эканомікі. Раней ён казаў пра прадпрымальнікаў як «вашывых блох», а 3 красавіка выказаўся так: «Як вы думаеце, вы рэстаран сёньня будзеце падтрымліваць ці БелАЗ? Вядома, вытворцу будзем падтрымліваць перш за ўсё». То бок прыватны бізнэс можа паміраць, дзяржава яго не абароніць?

— Такое супрацьпастаўленьне недапушчальнае. Гаворка ідзе не пра тое, дапамагаць БелАЗу ці рэстарану. Гаворка пра тое, каб дапамагаць людзям. Адпачатку ўлада штучна супрацьпастаўляла адно аднаму. У канчатковым выніку ня будуць дапамагаць ані людзям, ані эканоміцы, усё гэта пушчана на самацёк.

Калі не гаварыць нават пра заходнія краіны, то нават у Расеі ўжо абвешчана дапамога людзям, па 12 тысяч рублёў, звыш 150 даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста адпіска». Чым дапаможа бізнэсу ўказ Лукашэнкі «Аб падтрымцы эканомікі»

Што нас яшчэ абурае ў гэтым прэзыдэнцкім указе — гэта істотнае зьмяненьне ўмоваў працы. Цяпер замест месяца, як прапісана ў Працоўным кодэксе, дазваляюць адзін дзень наймальніку, каб абвясьціць пра зьмены ўмоваў працы. Цяпер працаўніку даецца толькі адзін дзень на тое, каб вырашыць, ці пагаджаецца ён на зьмену ўмоваў працы. Калі не пагаджаецца — то на наступны дзень ён ужо беспрацоўны.

Эканоміка — гэта найперш людзі. У нас няма элемэнтарнага разуменьня, як працуе эканоміка, разуменьня таго, што яе трэба стымуляваць.

— Паводле аднаго з апошніх дасьледаваньняў, 6 працэнтаў апытаных ужо заявілі, што страцілі сваю працу за апошні месяц. І відавочна, што гэта толькі пачатак. Як на гэтым фоне выглядае ваш рэцэпт разьвязаньня гэтых праблемаў?

— Гэтым людзям, якія страцілі крыніцы існаваньня, пільна патрэбная дзяржаўная дапамога. І калі нехта з кіраўнікоў заяўляе, што мы бедныя, мы ня можам гэта сабе дазволіць, то па-першае, хочацца спытаць — а хто давёў эканоміку да такога стану? Па-другое, так не бывае, каб зусім не было грошай у дзяржаве, заўсёды ёсьць чым падтрымаць людзей. Калі ты пры гэтым яшчэ ладзіш парады, масавыя мерапрыемствы, «Славянскія базары» — як можна пры гэтым казаць, што няма грошай на падтрымку людзей?

Гэта чыста палітычны выбар, і гэта наша трагедыя.

— Лукашэнка на пачатку эпідэміі каранавірусу сказаў, што не дазволіць нікога звальняць з прадпрыемстваў. Ці вынікае з гэтага, што дзяржава будзе хвалявацца перш за ўсё пра дзяржаўныя прадпрыемствы, а тое, што адбываецца ў прыватным сэктары, кіраўніцтва не турбуе?

— Працэс скарачэньня людзей на дзяржаўных прадпрыемствах актыўна адбываўся апошнія 3–5 гадоў. Цяпер, у гэтыя месяцы, там масавых звальненьняў няма. Але цяпер звольніць працаўнікоў з тых самых дзяржаўных прадпрыемстваў значна прасьцей, і ў гэтым палягае сэнс дзяржаўнай палітыкі ў сфэры занятасьці. Працоўныя робяцца ўсё больш бяспраўнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брусэль: Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамэндацыі САЗ

— А што ў такой сытуацыі робяць афіцыйныя прафсаюзы — ФПБ? Гэта самая масавая арганізацыя, яна мае вялікую вагу ва ўладзе — як яны абараняюць працоўных у такой цяжкай сытуацыі?

— Акрамя прафсаюзу аховы здароўя, які прапанаваў нейкую дапамогу мэдычным работнікам, — нічога няма. І гэта лягічна, бо нельга называць прафсаюзамі гэтую арганізацыю, у якую ўваходзяць 96 працэнтаў працоўных. Гэта проста адна з галінаў улады, частка сыстэмы кіраваньня, якая адказвае за сфэру кантролю над працоўнымі. З 2002 году, калі ўлада ўзяла пад кантроль ФПБ, з таго часу мы адтуль ня чулі галасоў супраць рашэньняў улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першамай будзе бяз шэсьцяў: каранавірус скасаваў гуляньні на сьвята працоўных 

Цынізм сытуацыі ў тым, што гэта не дзяржаўнае міністэрства, а структура, якую ўтрымліваюць самі працоўныя. І гэта карыкатура на савецкія прафсаюзы, які таксама менш за ўсё зьяўляліся прафсаюзамі.

— За гэтыя гады дзяржаўныя структуры даволі рашуча змагаліся зь незалежнымі прафсаюзамі, і ім удалося зьменшыць ваш уплыў. Ці можна разьлічваць, што ў цяперашняй напружанай сацыяльнай сытуацыі працоўныя зноў павернуцца да незалежных прафсаюзаў?

— Людзі зьвяртаюцца да нас пастаянна. Але казаць, што сфармуецца нейкая тэндэнцыя павелічэньня цікавасьці да нас — я не рызыкнуў бы. Самім фактам нашага існаваньня мы канкрэтна абмяжоўваем апэтыты ўлады, яе імкненьне да поўнага бяспраўя працоўных. Бо за намі стаіць Міжнародная арганізацыя працы. Таму ўлады не рызыкуюць канчаткова з намі «разабрацца», і той пляцдарм, які мы маем, вельмі стратэгічна важны. Мы лічым, што рана ці позна гэты пляцдарм будзе пашырацца, можа і даволі хутка. Наша задача — гэты пляцдарм захаваць, каб сёньняшняе бяспраўе працоўных на Беларусі не ператварылася ў тое, што працаўнікі ўвогуле апынуцца ў ролі прыгонных.

— Ці лічыце вы, што ў цяперашняй сытуацыі, на фоне эканамічнага крызісу і на фоне ігнараваньня ўладамі інтарэсаў людзей, якія цяпер страчваюць даходы, — могуць узьнікнуць значныя сацыяльныя пратэсты?

— Я думаю, хутчэй не, чым так. Але ўлада ўсё робіць, каб сацыяльны выбух стаў рэальнасьцю. Я назіраю за тым, зь якой упартасьцю ўлады цягнуць сваю памылковую палітыку ў дачыненьні да каранавірусу — і не выключаю, што яны могуць давесьці да сацыяльных катаклізмаў. І гэта тады будзе цалкам «заслуга» саміх уладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзтва ўжо прымусіла ўлады зьмяніць палітыку адносна эпідэміі, — Вардамацкі

Можа, нейкі розум і возьме верх. Мы бачым, як Фэдэрацыя прафсаюзаў адмовілася ад масавых мерапрыемстваў 1 траўня. Праўда, тое самае трэба было рабіць і ў дачыненьні да суботніку. На маю думку (я пра гэта казаў яшчэ месяц таму), ніякага параду 9 траўня таксама ня будзе.

Але ўлада нарабіла столькі памылак, што наступствы пандэміі будуць непрадказальныя. І калі колькасьць трупаў будзе павялічвацца, нельга выключаць нічога. Лукашэнка цяпер крыху прыкусіў язык, можа, да яго даходзіць, што сапраўды можа быць сацыяльны выбух.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ