Галоўны доктар Берасьцейскай абласной клінічнай лякарні Аляксандар Карпіцкі на інтэрнэт-канфэрэнцыі газэты «Навіны Камянеччыны» расказаў, што міністар аховы здароўя Ўладзімір Каранік 28 красавіка наведваў лякарні ў Берасьці і Баранавічах.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле Карпіцкага, Каранік 28 красавіка наведаў абласную і цэнтральную гарадзкую лякарні, анкалягічны і скурна-вэнэралягічны дыспансэры ў Берасьці, заяжджаў таксама ў Баранавічы. Карпіцкі кажа, міністар «прыяжджаў паглядзець, як падрыхтаваная Берасьцейшчына да прыёму пацыентаў на выпадак, калі будзе масавае паступленьне».
«Зь яго словаў, ёсьць некалькі варыянтаў цячэньня захворваньня і разьвіцьця эпідэміі. На Берасьцейшчыне пакуль спрыяльная сытуацыя», — сказаў Карпіцкі пра Караніка.
Колькасьць выпадкаў COVID-19 у вобласьці падвоілася за тыдзень
Паводле Карпіцкага, у Берасьцейскай вобласьці на 29 красавіка зафіксавалі 681 выпадак новага каранавірусу. Тыдзень таму было вядома пра 339 выпадкаў, гэта быў самы нізкі паказьнік па краіне.
Колькі выпадкаў у іншых абласьцях, невядома — Міністэрства аховы здароўя працяглы час не публікуе статыстыку па абласьцях і ніколі не публікавала па асобных раёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюс 973 інфікаваныя і 5 сьмерцяў. У Беларусі выявілі 13 181 выпадак COVID-19 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі разоў за 2 месяцы Міністэрства здароўя давала поўную і праўдзівую інфармацыю пра эпідэмію ў БеларусіШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.