Больш за 40 прадпрымальнікаў, якія арандуюць месцы ў аб’яднаньні «Гарызонт», 29 красавіка правялі агульны сход і выставілі патрабаваньні да арэндадаўцы.
Яны просяць: зьнізіць да магчымага мінімуму (больш як удвая) арэндную плату і перанесьці цяперашнія арэндныя выплаты на верасень, а выплату запазычанасьцяў, якая ўтворыцца, расьцягнуць да 31 сьнежня.
«Прычыны такога адчайнага кроку прадпрымальнікаў — суцэльнае падзеньне наведнасьці нашых гандлёвых пунктаў і, адпаведна, брак даходаў. Справа для нас стаіць гэтак: мы альбо выйдзем з гэтага каранавірусу зь велізарнымі стратамі, але захаваемся як суб’екты гаспадараньня, альбо збанкрутуем, і тады без крыніц для існаваньня застануцца ня толькі нашы сем’і, але і „Гарызонт“», — пракамэнтаваў сытуацыю прадпрымальнік Юры Алейнік, які ўдзельнічаў у арганізацыі сходу арандатараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма чым плаціць». Прадпрымальнікі зладзілі масавы паход у адміністрацыю «Экспабелу», каб зьменшыць арэндуПаводле Юрыя Алейніка, прынятыя на сходзе звароты накіравалі ня толькі арэндадаўцу (гэта ЗАТ «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер»), але таксама ў шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку ў адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства прамысловасьці і Менгарвыканкам.
«На сходзе быў таксама абмеркаваны красавіцкі ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 143 „Аб падтрымцы эканомікі“. Паводле гэтага ўказу дзяржаўным прадпрыемствам прадугледжана істотная падтрымка, у тым ліку зьніжэньне арэнднай платы. Але як быць з прыватнікамі, якія наўпрост залежаць ад дзяржаўных прадпрыемстваў, як мы ад „Гарызонту“? Мы ў адной лодцы, і ратавацца трэба разам», — лічыць прадпрымальнік Юры Алейнік.
Больш за 100 індывідуальных прадпрымальнікаў і фірмаў арандуюць вытворчыя ды іншыя плошчы на аб’яднаньні «Гарызонт». Арэнда квадратнага мэтра для іх каштуе ад 5 да 12 эўраў. Тут прадпрымальнікі шылі і дэманстравалі моднае адзеньне, дзейнічалі дзясяткі модных майстэрняў, з пачатку году адкрыўся скаладром, працавалі некалькі студыяў танцаў і гуказапісу, штотыдня тысячы наведнікаў зьбіралі квэст-румы і кавярні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя сфэры ўжо леглі». Як бізнэс перажывае пандэмію і хто неўзабаве можа закрыцца«Цяпер наведнікаў менш на 90%, настолькі ж упалі і даходы. Шмат хто ўжо ня вытрымаў і закрыўся», — кажа Юры Алейнік, які спэцыялізуецца на забаўляльным бізнэсе.
Грошы за арэнду бярэ закрытае акцыянэрнае таварыства «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер». Ці гатовая фірма зьнізіць цану арэнды для сваіх арандатараў?
Ніхто з таварыства «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер» на сход арандатараў «Гарызонта» не зьявіўся, а праз тэлефон адказны прадстаўнік фірмы ад кантактаў з журналістамі адмовіўся.
На прапанову Свабоды пракамэнтаваць патрабаваньні арандатараў гэты супрацоўнік «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер» сказаў: «Пішыце пісьмовы зварот».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страты ў сакавіку да 98%. Бізнэсоўцы просяць дапамогі ўраду Беларусі ва ўмовах пандэмііГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста адпіска». Чым дапаможа бізнэсу ўказ Лукашэнкі «Аб падтрымцы эканомікі»