Яны штодня рызыкуюць жыцьцём і часта гінуць, ратуючы іншых. А ў адказ замест удзячнасьці і пашаны нярэдка атрымліваюць зьдзеклівыя папрокі і прыніжэньні ад улады. Чаму?
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Аляксандар Лукашэнка з моманту пачатку пандэміі некалькі разоў выказваўся пра беларускіх мэдыкаў, якія, ратуючы хворых на COVID-19, самі заразіліся і захварэлі. Якімі былі гэтыя ацэнкі?
31 сакавіка: «Вось у Віцебску, ведаю, лекары першага ўзроўню — тыя, хто ад кагосьці заразіўся. Там больш за дзясятак. Яны, вядома, не праблемныя. Але ж мы адцягваем увагу на іх лячэньне. Гэтыя дактары павінны лячыць пацыентаў, а мы іх лечым. Яны, дзякуй Богу, моцныя людзі. Але гэта нядобра, калі лекар грэбуе элемэнтарнымі захадамі...»
23 красавіка: «Мы пачыналі гэту барацьбу толькі сіламі Міністэрства аховы здароўя. І зь некаторай расслабленасьці нашых лекараў. Я б сказаў, што ў асобных выпадках — расхлябанасьці. І гэта прывяло да таго, што мы атрымалі гэту заразу ў некалькіх дзясяткаў лекараў. І нам давялося лячыць дактароў. Таму ніякай расхлябанасьці! За гэта міністар адкажа галавой разам з профільным віцэ-прэм’ерам і ўрадам у цэлым. Разьбярыцеся: як лечаць людзей у шпіталях з пункту гледжаньня бясьпекі мэдыцынскага пэрсаналу? Мяне інфармуюць дагэтуль, што „Ай, ладна, зараз зайду, нешта зраблю“. Зайшла, заразілася, панесла заразу ў грамадзтва. Не павінна быць расхлябанасьці. Зьбярыцеся там, дзе трэба сабрацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІУ розных краінах сьвету падчас пандэміі заразіліся і памерлі тысячы мэдыкаў — дактароў, мэдсясьцёр, санітараў. І адбылося гэта зусім не таму, што яны легкадумна грэбавалі захадамі бясьпекі. Любы мэдык ведае: ніякія рэсьпіратары, акуляры і адмысловыя касьцюмы ня здольныя гарантаваць поўную засьцярогу, калі ты 24 гадзіны на суткі вымушаны знаходзіцца ў памяшканьнях з высокай канцэнтрацыяй вірусу. Можна выпадкова заразіцца, здымаючы ці надзяваючы спэцадзеньне, папраўляючы рэсьпіратар ці калі раптам спаўзе пальчатка ці маска...
Існуюць і сотні іншых побытавых сытуацый, якія цяжка прадугледзець. Урэшце, суткамі знаходзячыся ў заражанай зоне, мэдыкі там жа вымушаныя есьці, адпачываць, карыстацца санвузлом, душам. І на кожным кроку сутыкацца зь небясьпекай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрэбны неадкладныя дадатковыя захады». WHO апублікавала вынікі місіі ў БеларусіУ заходніх краінах нікому не прыходзіць у галаву дакараць мэдыкаў за тое, што яны заразіліся, ратуючы іншых. Наадварот, гэтым людзям — усеагульная ўдзячнасьць і пашана. А тых, хто загінуў, ратуючы іншых, справядліва лічаць героямі. Памяць пра іх ушаноўваюць хвілінай маўчаньня дэпутаты парлямэнтаў і чальцы ўрадаў. У іхны гонар ладзяць агульнанацыянальныя акцыі салідарнасьці і падтрымкі. Іхныя сем’і атрымліваюць ад уладаў вялікія грашовыя кампэнсацыі. Няма сумневу, што неўзабаве зьявяцца і помнікі ім — як героям, што загінулі ў змаганьні, ратуючы жыцьці іншых людзей. Так адбываецца ў Італіі, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі...
Чаму ж у Беларусі ня так? Можа, няма ў атачэньні кіраўніка краіны асобы, здольнай даходліва і пераканаўча давесьці яму гэтыя простыя ісьціны? Ці, можа, самому яму варта, на ўзор Пуціна, наведаць у гэтыя дні які-небудзь інфэкцыйны шпіталь і паслухаць тых, каму ён адрасаваў свае кпіны і папрокі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка пасьлядоўны і прадказальны — будзе рабіць тое, што паабяцаў, нават калі ўвесь сьвет ляціць у тартарары»Дарэчы, галоўны доктар маскоўскага інфэкцыйнага шпіталя ў Камунарцы Дзяніс Працэнка, які суправаджаў Пуціна, таксама заразіўся і перахварэў. Хоць карыстаўся найноўшымі сродкамі засьцярогі ад вірусу і суправаджаў Пуціна пад пільным наглядам спэцслужбаў. Што адметна: ніякіх абвінавачваньняў ад расейскага прэзыдэнта ў адрас доктара Працэнкі не прагучала: Пуцін пасьля таго выпадку паслухмяна самаізаляваўся як кантакт першага ўзроўню.
Падчас успышкі SARS в 2002-2003 гадах 21% усіх пацьверджаных выпадкаў у сьвеце прыпаў на мэдпэрсанал. Цяпер адбываецца нешта падобнае. У Італіі, напрыклад, на пачатак красавіка больш за 6200 хворых былі мэдыкамі (са 120 000 усіх захварэлых). А ў Гішпаніі мэдыкаў з COVID-19 на той жа пэрыяд налічвалася 6500 (12% ад агульнай колькасьці заражаных). І няма ніякіх падстаў сьцьвярджаць, што беларускія мэдыкі ў гэтым сумным шэрагу могуць быць выключэньнем.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.