Памерлых ад каранавірусу ў ЗША — 58 355 за шэсьць тыдняў, што перавышае дадзеныя ў 58 220 загінулых за 10 гадоў вайны ў Віетнаме.
Колькасьць выпадкаў COVID-19 у ЗША за апошнія 18 дзён падвоілася і склала адзін мільён, а колькасьць загінулых у краіне перавысіла колькасьць амэрыканцаў, якія палеглі ў вайне ў Віетнаме.
Паводле зьвестак Цэнтру сыстэматычных дасьледаваньняў унівэрсытэту Джона Гопкінса, за шэсьць тыдняў сьмерць ад каранавірусу ў ЗША склала 58 355, што перавышае лічбы 58 220 сьмерцяў за больш як дзесяцігодзьдзе ўзброенага канфлікту ў Віетнаме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 26 мільёнаў амэрыканцаў страцілі працу за апошнія пяць тыдняўПрэзыдэнт ЗША Дональд Трамп тым часам вітаў адмову некаторых штатаў ад жорсткіх абмежаваньняў, у той час як некалькі губэрнатараў папярэдзілі пра неабходнасьць захоўваць і далей асьцярожнасьць, перш чым людзям дазволіць масава знаходзіцца ў гандлёвых сетках і ў рэстаранах.
Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) заявіла, што паўторнае заражэньне магчымае нават сярод пацыентаў, якія паправіліся.
Лідэры Гішпаніі, Італіі і Францыі адзначаюць, што яны ўлічваюць рызыкі і пакінуць некаторыя віды карантынных абмежаваньняў бязь зьменаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус выклікае інсульты ў маладых людзей, — The Washington PostГішпанія заявіла, што абмежаваньні будуць паступова здымацца на працягу наступных двух месяцаў, а італьянцам на наступным тыдні будзе дазволена займацца на сьвежым паветры і наведаць сваякоў, але ім трэба будзе насіць маскі і ўстрымлівацца ад абдымкаў і пацісканьня рук. Францыя заявіла, што крамы, рынкі і асобныя школы могуць адкрыцца ў траўні, а маскі ў грамадзкім транспарце і праца з дому застануцца яшчэ на некалькі тыдняў.
Італія, Гішпанія і Францыя сталі найбольш пацярпелымі ў Эўропе краінамі, у кожнай зь іх зарэгістравана больш за 23 000 сьмерцяў ад COVID-19.
Нягледзячы на паслабленьне абмежаваньняў у асобных эўрапейскіх краінах, брытанскі прэм'ер-міністар Борыс Джонсан заявіў, што ягонай краіне пакуль рана ісьці гэтым шляхам.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.