Абсалютныя лічбы захворваньня не даюць магчымасьці вызначыць тэндэнцыю яго распаўсюду, прадказаць, зь якой хуткасьцю хвароба будзе пашырацца. Больш дакладнае ўяўленьне пра гэта дае тэмп — на колькі адсоткаў колькасьць інфікаваных вырасла за дзень.
На графіку, які прыводзіцца ніжэй, пазначана дынаміка тэмпу распаўсюду каранавірусу ў Беларусі і ў пяці суседніх зь ёй краінах з 6 па 26 красавіка.
У папярэдні пэрыяд колькасьць хворых ва ўсіх краінах была параўнальна невялікай, таму тэмпы часам рэзка мяняліся, зьяўленьне ў нейкай краіне новага асяродку захворваньня прыводзіла да рэзкіх скачкоў тэмпу.
Ад пачатку красавіка скачкоў амаль нідзе ўжо не было, адбываліся паступовыя зьмены хуткасьці распаўсюду захворваньня.
Тэмп росту колькасьці інфікаваных каранавірусам у Беларусі і ў суседніх краінах, у %
У каго тэмп скакаў?
У Беларусі — рэзкі, амаль на 50%, скачок колькасьці хворых 9 красавіка.
У каго напачатку быў тэмп самы высокі?
У Беларусі.
У каго тэмп 6 красавіка быў самы нізкі?
Ва Ўкраіны
Да каго Беларусь была падобная 26 красавіка?
Да Расеі.
У каго быў у сярэднім найменшы тэмп распаўсюду захворваньня?
У Літвы і Латвіі.
У каго тэмп распаўсюду хваробы за 20 дзён паменшыўся?
Ва ўсіх, акрамя Ўкраіны.
У каго тэмп быў самы высокі 26 красавіка?
У Беларусі і Расеі — 9%.
Калі распаўсюд пандэміі ў Беларусі будзе працягвацца з такім тэмпам і далей, колькасьць хворых на каранавірус падвоіцца праз 8 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 826 за суткі, 75 памерлых. Патрыярх Кірыл: Будзе суд! Вынікі 27 красавіка.Наступны графік паказвае дынаміку ў пяці краінах паказьніку сьмяротнасьці ад хваробы — адсотка колькасьці памерлых ад хваробы ад агульнай колькасьці інфікаваных.
Дынаміка паказьніку сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі і ў суседніх краінах, у %
У каго паказьнік сьмяротнасьці ад каранавірусу за 20 дзён вырас?
У Польшчы, Літвы, Латвіі і Расеі.
У каго гэты паказьнік падвысіўся ў найбольшай ступені?
У Польшчы — амаль да 5%.
У каго гэты паказьнік зьнізіўся ў найбольшай ступені?
У Беларусі — з 2% да 0.7%.
Усе лічбы пра захворваньне і сьмяротнасьць ад каранавірусу ўзятыя з сайту worldometers.info, які папаўняе сваю базу дадзеных штодзень на падставе зьвестак міністэрстваў аховы здароўя краінаў сьвету.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.