Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 27 красавіка.
- Паводле Міністэрства аховы здароўя, на раніцу 27 красавіка ў Беларусі зафіксавалі агулам 11 289 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць вылекаваныя і памерлыя); 75 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, што гэта ня так). Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 826 выпадкаў і прызналі яшчэ 3 сьмерці, выпісалі 45 чалавек
- У чатырох эўрапейскіх краінах (Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі і Гішпаніі) з найбольш высокімі паказчыкамі сьмерцяў ад каранавірусу SARS-CoV-2 зафіксаванае значнае зьніжэньне колькасьці сьмяротных зыходаў. У Італіі з 4 траўня пачнуць здымаць абмежаваньні, уведзеныя з прычыны эпідэміі каранавірусу, заявіў прэм’ер-міністар краіны Джузэпэ Контэ.
- Улады Новай Зэляндыі абвясьцілі пра перамогу над эпідэміяй COVID-19. Прэм’ер-міністар Новай Зэляндыі Джасінда Ардэрн заявіла, што краіне «удалося пазьбегнуць горшага» ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі, і цяпер эпідэмія ў краіне спыненая.
- Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы, часткай якой зьяўляецца Беларуская праваслаўная царква, патрыярх Кірыл усталяваў адказнасьць для сьвятароў Маскоўскай япархіі, якія не выконваюць абмежавальных мераў у сувязі з эпідэміяй каранавірусной інфэкцыі і прыгразіў ім за гэта як царкоўным судом, гэтак і «царкоўна-адміністрацыйнай» адказнасьцю.
- У манастыры, дзе на Вялікдзень быў Лукашэнка, выпадкі каранавірусу, — паведаміў Tut.by. Такую інфармацыю выданьню паведамілі ў Смалявіцкім шпіталі. Барысаўская япархія гэта адмаўляе, але манастыр закрыты.
- У Беларусі 27 красавіка набыў моц указ № 394 «Аб прадастаўленьні і прыцягненьні пазык», паведамляе Нацыянальны банк. Цяпер мікрапазыкі будуць выдаваць па новых правілах.
- Праз эпідэмію каранавірусу ўвялі новыя правілы выдачы бальнічных. Так, бацькам дзяцей да 10 гадоў, якія наведваюць установу дашкольнай ці агульнай сярэдняй адукацыі аплоцяць бальнічны, калі гэтае дзіця стала кантактам першага ці другога ўзроўню і мае рэсьпіраторныя сымптомы.
- Расея абагнала Кітай паводле колькасьці хворых на COVID-19. Усяго ў краіне заразіліся 87147 чалавек. На раніцу 27 красавіка ў Расеі зафіксавалі 6198 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, паведаміў апэратыўны штаб.
- Японія забараніла ўезд зь Беларусі. Такія меры зьвязаныя з пандэміяй каранавірусу. Раней у гэты сьпіс ужо былі ўключаныя ЗША, Кітай, Паўднёвая Карэя і краіны ЭЗ.