Радаўніца ва ўмовах пандэміі. Фотарэпартаж з Усходніх могілак у Менску
Радаўніца — дзень памінаньня памерлых, на які здаўна прынята наведваць магілы продкаў. Адзначаецца праз тыдзень пасьля Вялікадня ў аўторак, у некаторых традыцыях і ў панядзелак
Сёлета ў Беларусі і панядзелак, і аўторак абвешчаныя выходнымі днямі: 28 красавіка ў сувязі з Радаўніцай, 27-га — як перанос працоўнага дня на суботу
Усходнія або «Маскоўскія» могілкі — буйны нэкропаль на паўночным усходзе Менску, аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасьцей Беларусі. Побач са звычайнымі беларусамі там пахаваныя славутыя дзеячы культуры, навукоўцы і дзяржаўныя дзеячы
Сьвятары і мэдыкі заклікаюць ня ехаць на Радаўніцу на могілкі праз эпідэмію каранавірусу
Міністэрства аховы здароўя Беларусі заклікала людзей на вялікія выходныя, прымеркаваныя да Радаўніцы, заставацца дома, каб праз тыдзень-два не атрымаць росту захворваньня
Просяць устрымацца ад наведваньня могілак і ў кіраўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы. У прыватнасьці, мітрапаліт Павел заклікаў у Радаўніцу памаліцца дома
«Я хацеў бы заклікаць вас устрымацца. Паверце, Госпад чуе нашы малітвы. Таму лепш і на Вялікдзень, і на Радаўніцу памаліцца дома. Бог вас пачуе», — казаў мітрапаліт Павел
Ды 26 красавіка Аляксандар Лукашэнка чарговы раз паўтарыў, што неабходнасьці ў карантыне ў Беларусі ён ня бачыць, а забараняць наведваць могілкі на Радаўніцу ня будзе
«Мы не адмаўляем, што людзі хварэюць. Мы не закрылі краіну, не спынілі вытворчасьці. На Вялікдзень і я, і людзі хадзілі ў царкву. Як я магу забараніць чалавеку на Радаўніцу пайсьці пакланіцца бацькам? Я магу толькі раіць і прасіць: паберажыце сябе», — заявіў Лукашэнка
Распаўсюд хваробы COVID-19, якую выклікае вірус SARS-CoV-2, працягваецца ў Беларусі паскоранымі тэмпамі. У апошнія тры дні выяўлялі больш за 800 новых выпадкаў на суткі
На момант публікацыі ў Беларусі зафіксавалі 11 289 выпадкаў COVID-19, прызналі 75 сьмерцяў інфікаваных
Каранавірус можа перадавацца і праз паветра, і праз кантакт з заражанай паверхняй. Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты
Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію
Але ў COVID-19 ёсьць і бессымптомны пэрыяд — звычайна каля 5 дзён, хоць можа цягнуцца ад 2 да 14 дзён. У гэты час чалавек ня мае ніякіх прыкметаў хваробы, але можа перадаваць вірус іншым
Ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах прынятыя больш жорсткія абмежавальныя захады ў сувязі з пандэміяй, аж да выхаду з дому па прапусках толькі да бліжэйшай крамы ці аптэкі