У Буда-Кашалёве — успышка каранавірусу, кажа адна з супрацоўніц хуткай дапамогі.
«Афіцыйна нам, мэдыкам, ня кажуць лічбы. Па нашых падліках, тут каля сотні пацьверджаных выпадкаў. Хварэюць мэдыкі. Памерла мэдсястра з „хуткай“. Інжынэр-праграміст — у цяжкім стане. А мы працуем на выкліках у марлевых масках!», — сказала Свабодзе адна з супрацоўніц «хуткай» у Буда-Кашалёве.
Дадзеныя супрацоўніцы «хуткай» ёсьць у рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Буда-Кашалёве памерла 45-гадовая фэльчарка хуткай дапамогі, яе маці ў цяжкім станеПра мэдсястру, якая памерла
«Галя (мэдсястра з „хуткай“, якая памерла ў панядзелак. — РС) ляжала ў тэрапіі. У яе былі праблемы зь ціскам і сэрцам. Потым яе выпісалі. У тэрапіі выявілі каранавірус, і ўсіх хворых хутка выпісалі. Магчыма, менавіта ў тэрапіі Галя і падхапіла каранавірус.
Яна выйшла на зьмену, і ёй зрабілася блага. Яе паклалі спачатку ў наш шпіталь, потым перавезьлі ў Гомель. Галя была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Памерла ў панядзелак. 22 красавіка было пахаваньне. У закрытай труне. Наша галоўная лекарка не была на пахаваньні. Была галоўная мэдсястра — яна ўзначальвае прафкам, старшы фэльчар з „хуткай“ і загадчыца інфэкцыйнага аддзяленьня. Мы сёньня сустракаліся з галоўнай лекаркай. Яна нават ні спачуваньня не выказвала, нічога, ні слова не сказала. У Галі засталіся дачка, муж і маці. Маці таксама ў цяжкім стане ў шпіталі ў Гомлі».
Пра хворых калегаў
«Шмат нашых мэдыкаў захварэлі. Хто ляжыць у Буда-Кашалёве, а некаторых перавялі ў Гомель. Захварэў інжынэр-праграміст са шпіталя. Спачатку ён ляжаў у нас, у рэанімацыі, потым яму, здавалася, зрабілася лепш, і яго перавялі ў палату. 22 красавіка яго ў цяжкім стане павезьлі ў Гомельскі сухотны шпіталь. Наколькі мы ведаем, ён на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Яму каля 30–35 гадоў. (Сваячка праграміста пацьвердзіла, што ён сапраўды ў сухотным шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй у цяжкім стане. — РС).
Захварэла і трапіла ў шпіталь з двухбаковай пнэўманіяй і супрацоўніца харчовага блёку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё на самым сучасным узроўні». Япрынцаў расказаў пра свой каранавірус і лячэньне ў «прэзыдэнцкім» мэдцэнтрыПра аналізы мэдыкаў на COVID-19, якія «недзе згубіліся»
«Мы, супрацоўнікі „хуткай“, ледзьве дабіліся, каб нам узялі мазкі на каранавірус. Узялі 15 красавіка. Дагэтуль мы ня ведаем вынікаў! Мы пачалі тэлефанаваць у абласное ўпраўленьне аховы здароўя, у абласны Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Нам далі нумар лябараторыі, якая робіць гэтыя аналізы. Там нам адказалі, што нашых мазкоў у іх няма! Мы пералічылі ўсе свае прозьвішчы — каля 30 чалавек. У нас іх узялі — але яны недзе „зьніклі“ або іх папросту выкінулі ў сьметніцу.
Мы сабраліся і напісалі скаргу на імя галоўнага лекара, падпісаліся ўсе, хто працуе на нашай „хуткай“. Напісалі, што патрабуем на рукі вынікі аналізаў на COVID-19 і таксама забясьпечыць нас супрацьчумнымі гарнітурамі на выезды.
22 красавіка галоўны лекар прыйшла да нас і нас жа ва ўсім абвінаваціла. Што мы ня ведаем сваёй працы і гэтак далей. Яна прыйшла, каб нас „адчытаць“. Сказала, што ня ведае, дзе падзеліся нашы аналізы, і ня ведае, каго за гэта пакараць. Пра сябе яна сказала, што ўжо пакараная з абласнога ўпраўленьня аховы здароўя за тое, што не забясьпечыла санітарны дабрабыт жыхароў раёну, і дадала: „Што вы яшчэ ад мяне хочаце?“»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не страляйце мэдыкам у сьпінуПра сродкі індывідуальнай засьцярогі
«Мы казалі галоўнай лекарцы, што нам на выклікі трэба супрацьчумны гарнітур. Яна сказала, што дасьць адзін, аднаразовы, і мы будзем яго пасьля выкліку дэзынфікаваць хлёркай, бо інакш наагул застанёмся безь нічога. На выклікі мы езьдзім у звычайных марлевых масках, якія самі і шылі. Потым замочваем іх у хлёрцы, мыем, сушым і зноў носім. Супрацьчумныя гарнітуры мы апранаем толькі тады, калі перавозім людзей з пацьверджаным каранавірусам.
Па нашых падліках — а мы перавозілі і па сем, і па дзесяць чалавек, у нас ужо каля сотні пацьверджаных інфікаваных COVID-19. А колькі кантактаў, у якой колькасьці людзей яшчэ не вядомыя вынікі — гэта проста нерэальна палічыць!
На нашы патрабаваньні галоўная лекарка адказала, што ня раіць нам некуды скардзіцца вышэй ці ў СМІ. Бо, паводле яе словаў, каранавірус пройдзе — „а асадак застанецца“, і нам яшчэ тут працаваць. Калі мы сказалі, што нам страшна працаваць у такіх умовах, у нас дзеці, бацькі, яна сказала, што можам звальняцца.
У нас усё-ткі ўзялі паўторныя мазкі, і мы чакаем іх вынікаў».
На працягу 23 красавіка атрымаць камэнтар у адміністрацыі Буда-Кашалёўскага раённага шпіталя не атрымалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ