Урад Беларусі прапанаваў Аляксандру Лукашэнку пакет захадаў у падтрымцы эканомікі ў час пандэміі каранавірусу, пра гэта ён паведаміў на нарадзе ў Палацы незалежнасьці 23 красавіка.
Як піша прэс-служба Лукашэнкі, урад прапанаваў акрэсьліць галіны, якія найбольш пацярпяць ад запавольваньня эканамічнай актыўнасьці і падзеньня попыту. У пакеце прапановаў пытаньні падаткаў, арэнды, працоўных адносінаў і «шэраг адчувальных сацыяльных аспэктаў».
«Гэта будуць рэкамэндацыі „губэрнатарам“, — сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе старшыняў аблвыканкамаў. — І нейкім прадпрыемствам, за якія ўрад непасрэдна адказвае. Калі мы будзем выдзяляць нейкія грашовыя сродкі для эканомікі — іх будуць дзяліць „губэрнатары“, яны гэтага запатрабавалі.
Яны кажуць: мы самі разьбяромся, або краму падтрымліваць, хімвалакно, або нейкае дывановае прадпрыемства. Яны маюць рацыю, ім там лепш відаць, калі мы будзем гэтыя сродкі камусьці выдзяляць. Мы не павінны зь Менску чайнай або сталовай лыжкай дзяліць гэтыя грошы, каму што дастанецца. Ня трэба гэтым займацца. І дзякуй Богу, што рэгіёны бяруць на сябе гэтыя пытаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў не дапускаць падзеньня эканомікі ад пандэміі. А яна ўжо падаеМалы бізнэс не падтрымліваць, а «стымуляваць да працы»
Лукашэнка пры тым заявіў, што лічыць патрэбным стымуляваць малы бізнэс да працы, «каб тыя ж рэстарацыі везьлі абеды на прадпрыемствы, не задзіраючы цэны, дамоў да людзей», бо «мы ж прасілі старых сядзець дома, а іх трэба карміць». Некаторыя, заявіў ён, так і робяць, а іншыя «чакаюць, што ім хтосьці штосьці дасьць».
«Ніхто нікому нічога ня дасьць, — заявіў Лукашэнка. — А калі хто-небудзь хоча, каб яму далі, хай скажа: дзе гэта ўзяць? Мы што, будзем сёньня забіраць у людзей, якія напружваюцца?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба — увядзём і камэнданцкі час». Лукашэнка сказаў «не адмахвацца» ад рэкамэндацыяў WHO, але дзейнічае па-своймуШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.