Дробны бізнэс чакае крызісу неплацяжоў і дае катастрафічныя прагнозы. Свабода паглядзела, па кім эпідэмія ўдарыла найбольш.
«Будзе вельмі шмат беспрацоўных»
Паводле Віктара Маргелава, сустаршыні Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва, цяпер многія думаюць: закрываць свой бізнэс ці не.
«Пакуль людзі яшчэ ня кідаюць бізнэс, але прыходзіць усьведамленьне, што многім давядзецца закрыцца. Прыкладна палова пастаўшчыкоў, у якіх мы сёньня спрабавалі замовіць тавар, адмовілі ў адгрузцы. Яны чакаюць тлумачэньняў ад ураду, які забараніў павышаць цэны і не ўлічыў рэальныя траты», — кажа Віктар Маргелаў. Паводле яго, найбольшыя страты цяпер нясуць гасьцініцы, сфэра забаваў, сфэра грамадзкага харчаваньня, санаторны бізнэс.
«Гэтыя сфэры ўжо леглі. У Менску тыдзень таму ўжо 15 гасьцініц зачыніліся на кансэрвацыю, там сядзіць толькі ахова, яны да нуля зьвялі спажываньне энэргіі. Але сьледам пойдзе вялікі шэраг прадпрыемстваў, бо зачыненыя межы: немагчымы экспарт і імпарт. Вялікія праблемы таксама ў транспартнікаў і лягістыкі. Уся сфэра абслугоўваньня кладзецца, сэрвіс», — пералічвае Віктар Маргелаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма чым плаціць». Прадпрымальнікі зладзілі масавы паход у адміністрацыю «Экспабелу», каб зьменшыць арэндуАле, па ягоных прагнозах, гэта толькі пачатак. Каб аднавіцца пасьля эпідэміі, Беларусі трэба будзе два гады. Але тады эканоміка ў сьвеце будзе ўжо інакшая. На думку Віктара Маргелава, цяпер важна прадугледзець рух усясьветнай эканомікі.
«У нас будзе вельмі шмат беспрацоўных, трэба думаць, куды іх прыстроіць», — кажа Віктар Маргелаў.
«У траўні ўжо ня будзе чым плаціць за арэнду»
Цяпер многія прадпрымальнікі касуюць дамовы арэнды, перавозяць тавары на склады, каб перачакаць пандэмію. Пра гэта кажа старшыня рэспубліканскага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», якое гуртуе дробных прадпрымальнікаў і ІП, — Анатоль Шумчанака.
«Прамыя страты на кожнага прадпрымальніка — каля 600 даляраў на чалавека. Што тычыцца запасаў, то ў 50% яны заканчваюцца ўжо, у другой паловы ня будзе чым плаціць за арэнду ўжо ў сярэдзіне траўня. Асноўная маса падыходзіць да траўня ў катастрафічным стане. Пачнецца крызіс неплацяжоў, а падтрымкі чакаць няма ад каго», — кажа Анатоль Шумчанка.
Ён заўважае, што многія прыватныя арандадаўцы зьніжаюць цэны, але гэта не ратуе. На гэтым фоне няясна, ці будзе нейкая падтрымка ад дзяржавы і ў якім аб’ёме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страты ў сакавіку да 98%. Бізнэсоўцы просяць дапамогі ўраду Беларусі ва ўмовах пандэміі
«Хутка пачнуцца суды»
95% прыбытку — столькі, па падліках бізнэс-саюзаў, можа страціць турыстычная сфэра. Пакуль тых, хто закрыў свае турфірмы, у бізнэс-саюзах няма. Але некаторыя турфірмы ўжо атрымалі прэтэнзіі ад кліентаў, і хутка ў іх пачнуцца суды. Пра гэта кажа Алена Кудлакова, старшыня Асацыяцыі турыстычных арганізацый.
У Беларусі ў сфэры малога і сярэдняга бізнэсу працуе каля 1,3 мільёна чалавек. Паводле парталу covideconomy.by, які аналізуе эканамічную сытуацыю ў Беларусі падчас пандэміі, асноўныя праблемы бізнэсу цяпер выглядаюць так:
- Падзеньне попыту на ўнутраным рынку
- Захаваньне арэнднай платы і падаткаў у неспрыяльных умовах
- Нестабільнасьць беларускага рубля
- Падзеньне попыту на зьнешніх рынках
- Рост дэбіторскай запазычанасьці і невыкананьне абавязаньняў партнэрамі
- Немагчымасьць арганізаваць дыстанцыйную працу
- Немагчымасьць набываць тавары, сыравіну і матэрыялы ў іншых краінах
- Захворваньне супрацоўнікаў і карантынныя захады
- Праблемы зь ліквіднасьцю
- Павышэньне цэнаў у пастаўшчыкоў і падрадчыкаў