Без падтрымкі ўраду больш за 85% індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі могуць спыніць дзейнасьць празь недахоп грошай на фоне эканамічных наступстваў эпідэміі каранавірусу, сьведчыць дасьледаваньне, якое правяло рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».
Вынікі дасьледаваньня з удзелам больш чым 1,1 тысячы прадстаўнікоў малога бізнэсу 23 сакавіка прадставіў журналістам кіраўнік аб’яднаньня Анатоль Шумчанка, паведамляе БелаПАН.
На пытаньне «На які пэрыяд хопіць рэсурсаў без падтрымкі дзяржавы ў сытуацыі зь віруснай эпідэміяй?»
- 63,6% прадпрымальнікаў адказалі — на адзін месяц,
- 23,8% — на два месяцы,
- менш за 10% — на тры месяцы,
- 1,7% — больш за год,
- астатнія адказы — ад чатырох месяцаў да году.
18 сакавіка «Пэрспэктыва» зьвярнулася да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігара Сергеенкі з прапановамі адносна захадаў у супрацьдзеяньні вірусу COVID-19 і з просьбай прыняць тэрміновыя меры падтрымкі індывідуальных прадпрымальнікаў на фоне нэгатыўнага ўплыву на эканоміку пандэміі каранавірусу:
- зладзіць для малога бізнэсу «падатковыя канікулы» — з 1 красавіка вызваліць прадпрымальнікаў на 90 дзён ад «падаткаў, збораў і ўнёскаў, якiя бяруцца рэгулярна ў справаздачных пэрыядах, незалежна ад узроўню даходаў»,
- на гэты ж пэрыяд аб’явіць мараторый на любыя праверкі прадпрымальнікаў у сфэры розьнічнага гандлю і паслуг,
- адкрыць на імя кожнага прадпрымальніка гэтай катэгорыі, які папрасіў аб дапамозе, банкаўскі рахунак і пералічыць на яго 3000 рублёў у выглядзе бязвыплатнай дзяржаўнай падтрымкі і 9000 рублёў — у выглядзе беспрацэнтнага крэдыту на пяць гадоў.
- зьнізіць на 90 дзён арэндную плату на 60 і больш працэнтаў, а таксама адвязаць арэндную стаўку ад замежнай валюты, прывязаўшы яе да беларускага рубля.
23 сакавіка ва ўрадзе заявілі, што разгледзелі зварот бізнэс-саюзаў, цяпер абмяркоўваюць далейшыя крокі з усімі асацыяцыямі і найбольш пацярпелымі кампаніямі, аднак канкрэтныя захады, якія будуць прымаць, пакуль не агучылі.