Экспэрты прагназуюць падзеньне ВУП Беларусі на 3,3%

Эўразійскі банк разьвіцьця прагназуе пачатак аднаўленьня эканамічнай актыўнасьці Армэніі, Беларусі, Казахстана, Кіргізстана, Расеі і Таджыкістана ў другой палове 2020 году.

Пра гэта гаворыцца ў абноўленым прагнозе, падрыхтаваным Дырэкцыяй у аналітычнай рабоце банку, на які спасылаецца Tut.by.

Экспэрты лічаць, што эканоміку рэгіёну падтрымаюць захады ўладаў у галіне падаткова-бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі. Іх рэалізацыя дасьць магчымасьць згладзіць нэгатыўныя наступствы пандэміі COVID-19 і стварыць умовы для нармалізацыі эканамічнай актыўнасьці па меры паляпшэньня эпідэміялягічнай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пачатку году ВУП Беларусі ўпаў на 0,3%

Банк вылучае дзьве асноўныя групы каналаў уплыву пандэміі на эканомікі. Першая зьвязана з ускладненьнем замежнаэканамічнай каньюнктуры, што праяўляецца ў аслабленьні попыту на экспарт, скарачэньні даходаў ад паставак за мяжу сыравінных тавараў, а таксама з больш жорсткімі фінансавымі ўмовамі. Страты ВУП краін ад вонкавых фактараў могуць скласці ў 2020 годзе каля 2%.

Другая група ўскладняецца ўнутранымі абмежавальнымі захадамі, уведзенымі ў шэрагу дзяржаў для стрымліваньня распаўсюду захворваньня. Гэта праяўляецца ў зьніжэньні вытворчых паказьнікаў сэктараў эканомікі, у першую чаргу сфэры паслуг. Страты гадавога ВУП ад самаізаляцыі ацэньваюцца ў памеры 1,5-2%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падзеньне ВУП на 6% — вяртаньне ў 90-я

У аглядзе адзначаецца, што пад уплывам названых фактараў ВУП краін рэгіёну скароціцца сёлета на 2,2% пасьля павелічэньня на 1,7% у папярэднім годзе. У Расеі, Казахстане, Беларусі і Армэніі чакаецца падзеньне ВУП на 2,3; 1,0; 3,3 і 1,7% адпаведна.

Аслабленьне нацыянальных валютаў у першым квартале паўплывае на цану імпартных тавараў, што паслужыць ключавым фактарам паскарэньня інфляцыі ў большасьці краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк Беларусі рыхтуецца да рэзкага росту выдаткаў на пагашэньне дзяржаўнага доўгу  

Паколькі эпідэмічная сытуацыя ў дзяржавах рэгіёну не дазваляе з упэўненасьцю казаць пра хуткае зьняцьце карантынных захадаў, прагнозы ЭАБР адносна ВУП могуць быць перагледжаныя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ