Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі рыхтуецца да рэзкага росту выдаткаў на пагашэньне дзяржаўнага доўгу  


Нацыянальны банк Беларусі прагназуе рэзкі рост выдаткаў на абслугоўваньне і пагашэньне вонкавага доўгу ў 2020 годзе.

«Чакаецца даволі рэзкі рост выдаткаў на абслугоўваньне і пагашэньне вонкавага дзярждоўгу. Гэта шмат у чым зьвязана са зьніжэннем курсу беларускага рубля ў адносінах да даляра ЗША (за першыя 3 месяцы аслабеў на 22,6%) і адпаведным падзеньнем намінальнага даляравага ВУП», — гаворыцца ў публікацыі намесьніка начальніка ўпраўленьня даследаваньняў Нацбанку Міхаіла Дземідзенкі ў «Банкаўскім весьніку».

Паводле прагнозу, абслугоўваньне замежнага доўгу ў чацьвёртым квартале можа вырасьці да 4,78% ВУП — на гэтыя мэты ў апошнія некалькі гадоў выдатковаўася ў сярэднім 3,8% ВУП.

Дземідзенка таксама падкрэсьлівае, што павялічацца і выдаткі на пагашэньне ўнутранага доўгу, у якім толькі 16% абавязаньняў намінаваныя ў нацыянальнай валюце.

Па яго разліках, на 1 красавіка сума выплатаў па ўнутраным валютным дзярждоўгу вырасла да 2,5 млрд рублёў, а па ўсім дзярждоўгу — да 3,2 млрд. На пагашэньне валютнага складніка ўнутранага дзярждоўгу урад плянаваў выдаткаваць каля 2,1 млрд рублёў, а з улікам абслугоўваньня выдаткі ацэньваліся ў 2,8 млрд.

«Агульная сума, якую Міністэрству фінансаў неабходна выдаткаваць на пагашэньне доўгу і выплату працэнтаў у 2020 годзе, павялічылася на 2 млрд рублёў і перавысіла 10 млрд. У адносінах да ВУП 2019 году сума павялічылася з 6,6% да 8,1%», — канстатуе прадстаўнік Нацбанку, падкрэсьліўшы, што з улікам нэгатыўных прагнозаў росту самога ВУП адносныя значэньні выплат стануць яшчэ большымі.

Замежны дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сакавіка склаў амаль 17 млрд даляраў. Унутраны перавысіў 9 млрд рублёў. Сукупны дзярждоўг вырас у эквіваленце да 46,8 млрд рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG