Урад часова забараніў вываз зь Беларусі апаратуры для кіслароднай тэрапіі, штучнага дыханьня або іншай тэрапэўтычнай дыхальнай апаратуры.
Гэтая забарона не закране апаратуры, якая выкарыстоўваецца выключна для азонавай або аэразольнай тэрапіі.
Дакумэнт набыў моц пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня і распаўсюджвае сваё дзеяньне на адносіны, якія ўзьніклі з 20 красавіка бягучага году.
17 сакавіка ўрад часова забараніў вываз зь Беларусі некаторых мэдычных тавараў, у тым ліку мэдычных масак. Ды 21 красавіка Аляксандар Лукашэнка даручыў наладзіць экспарт ахоўных масак пасьля насычэньня беларускага рынку. Паводле яго, «калі меркаваць па Магілёўшчыне», «мы практычна насыцілі рынак» ахоўнымі маскамі. Інтэрнэт-пошук паказвае наяўнасьць мэдычных масак толькі ў 9% аптэкаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эфэктыўнасьць ня большая за 10%. Генпракуратура загадала спыніць вытворчасьць масак бяз фільтраўШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.