«Належнае інфармаваньне і эфэктыўнае ўзаемадзеяньне з насельніцтвам зьяўляецца адным з найбольш важных умяшаньняў пры ажыцьцяўленьні мер у адказ на распаўсюд COVID-19», — сказаў прадстаўнік Сусьветнай арганизацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў Радыё Свабода.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Ён спаслаўся на тэхнічнае кіраўніцтва САЗ па пытаньнях камунікацыі ва ўмовах эпідэміі COVID-19.
У гэтым дакумэнце падкрэсьліваецца, што «адкрытае, рэгулярнае і актыўнае інфармаваньне насельніцтва і асобаў з груп рызыкі і ўзаемадзеяньне зь імі дапамагаюць ліквідаваць блытаніну і пазьбегнуць непаразуменьняў, дазваляюць зьвесьці да мінімуму чуткі і недастатковае разуменьне, якія падрываюць эфэктыўнасьць дзеяньняў у адказ і могуць прывесьці да далейшага распаўсюджваньня хваробы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што робіць нашая краіна?! Навошта заніжаць статыстыку?» Сын памерлага фэльчара хуткай дапамогі жорстка адказаў міністру КаранікуБатыр Бердыклычаў нагадаў, што ў гэтым дакумэнце таксама рэкамэндуецца прадстаўляць інфармацыю насельніцтву ў ідэале кожны дзень і ў адзін і той жа час.
«Важна, каб інфармацыя зьмяшчала выразныя і зразумелыя дадзеныя пра новыя выпадкі і сьмяротныя зыходы. Краіна таксама можа прадстаўляць дадатковую інфармацыю, якую палічыць карыснай, як, напрыклад, дадзеныя па захворвальнасьці і сьмяротнасьці па рэгіёнах і полаўзроставай структуры, колькасьць пацыентаў, якія знаходзяцца ў крытычным стане», — сказаў прадстаўнік САЗ у Беларусі.
Паводле Міжнародных мэдыка-санітарных правілаў 2005 году (гэта юрыдычна абавязковы дакумэнт міжнароднага права) кожная краіна абавязаная цягам 24 гадзін інфармаваць САЗ пра колькасьць новых выпадкаў захворваньня і памерлых, а таксама пра агульную колькасьць выпадкаў COVID-19 і сьмяротных зыходаў ад пачатку эпідэміі.
Батыр Бердыклычаў таксама паведаміў, што перадапошнія дадзеныя ад Беларусі САЗ атрымаў у пятніцу 17 красавіка па стане на 16 красавіка 2020 году. У панядзелак 20 красавіка Беларусь падала абноўленыя дадзеныя. Яны апублікаваныя ў Telegram-канале Міністэрства аховы здароўя каля 16.40.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пацьвердзілі 6264 выпадкі каранавірусу. Памёр 51 чалавек
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ