19 красавіка ў абласным цэнтры прайшла традыцыйная акцыя пратэсту праціўнікаў акумулятарнага заводу кампаніі «Ай-Паўэр». Яна моцна адрозьнівалася ад большасьці папярэдніх.
У мінулую нядзелю на цэнтральнай плошчы Берасьця традыцыйна сабраліся «пакарміць галубоў» праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Як прызнаюцца актывісты, вялікай колькасьці ўдзельнікаў не чакалі. Каранавірус, ды ў дадатак праваслаўны Вялікдзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 280 праціўнікаў акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры БерасьцяУ мінулыя гады ў сьвяточную нядзелю людзей на плошчы было традыцыйна мала. У 2019 годзе прыйшлі 75 чалавек, у 2018-м увогуле каля 30.
Аднак акцыя 19 красавіка 2020 году стала адной з самых масавых за ўвесь час і сабрала, паводле падлікаў праваабаронцаў, 280 чалавек. Яны прайшлі праз цэнтар гораду, скандуючы палітычныя лёзунгі.
«Людзі злуюцца»
«280 чалавек прыйшло на Вялікдзень — гэта незвычайна, — расказвае пра акцыю праціўнікаў акумулятарнага заводу 19 красавіка праваабаронца і назіральнік Раман Кісьляк. — Прычынай гэтага можна назваць затрыманьні актывістаў. Гэта выклікала ўсплёск, прыйшло больш людзей. Было відаць, што шмат новых людзей. Былі тыя, хто не зьяўляецца пастаянным удзельнікам пратэстаў. Людзі раззлаваныя. 280 чалавек у Вялікдзень, у час такой складанай эпідэміялягічнай сытуацыі, — гэта вельмі шмат».
Па словах праваабаронцы, палітычныя лёзунгі гучалі ўжо падчас пратэсту 12 красавіка, а таксама на некалькіх ранейшых акцыях. Аднак 19 красавіка іх было значна больш.
«Зьявілася патрабаваньне „Лукашэнка, сыходзь“, — кажа Раман Кісьляк. — Людзі вельмі моцна раззлаваныя. Па-першае тым, што завод спрабуюць увесьці ў эксплюатацыю. Большасьць актывістаў лічыць, што ўлады ўсё ж спрабуюць гэта зрабіць. Зьяўляюцца чуткі, што ён запрацуе 22 красавіка. Альбо што гэта адбудзецца бліжэй да траўня. Усе чакаюць, што неўзабаве завод запусьціцца.
Па-другое людзі ня вельмі давяраюць мясцовым уладам, якія кажуць, што завод не пачне працаваць. Затрыманьні актывістаў гэта пацьвярджаюць. Людзі злуюцца, яны бачаць падман. Актывістаў перасталі прымаць у аблвыканкаме, немагчыма нават трапіць на прыём. Зь людзьмі перасталі нават размаўляць. Палітычныя лёзунгі гучаць усё часьцей і мацней. Людзі з часам іх вывучаць. Улада страчвае кантроль над сытуацыяй. Пратэст пераходзіць у палітычны, і з кожным тыднем гэта ўсё больш відавочна».
Паводле Рамана Кісьляка, пратэсты стрымлівае каранавірус. Частка актывістаў нават прапаноўвала прыпыніць акцыі да паляпшэньня сытуацыі, аднак большасьць выказалася за іх працяг. Вуліцы Берасьця ў цэнтры гораду па выходных амаль пустыя. Якой была б колькасьць пратэстоўцаў, каб не COVID-19, можна толькі здагадвацца.
Затрыманьні
За два дні да акцыі 19 красавіка адзін зь лідэраў пратэстаў «акумулятарнікаў» Дзьмітры Бекалюк пазваніў жонцы і паведаміў, што яго затрымалі. Чатыры чалавекі падышлі да актывіста на вуліцы каля 19 гадзінаў і паведамілі, што ён праходзіць па адміністрацыйнай справе і павінен праехаць зь імі ў Ленінскі РУУС Берасьця. Бекалюк пасьпеў паведаміць пра гэта жонцы, пасьля ягоны тэлефон ужо не адказваў.
Раніцай наступнага дня, 18 красавіка, стала вядома пра яшчэ два затрыманьні. Блогера і актывіста Аляксандра Кабанава затрымалі прыкладна ў 7.30 раніцы ў пасёлку Гарадзішча Пінскага раёну. Пазьней у гэты ж дзень у пастарунак трапіў актывіст Дзьмітры Андрасюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі трох пратэстоўцаў супраць акумулятарнага завода ў БерасьціУ чым вінавацяць усіх траіх, дакладна невядома. Як мяркуюць іх паплечнікі, прычынай магла стаць акцыя 12 красавіка, калі прыкладна 200 чалавек прайшліся калёнай па цэнтры гораду. Матэрыялы ў дачыненьні да Андрасюка, Бекалюка і Кабанава паступілі ў суд Ленінскага раёну Берасьця раніцай 20 красавіка.
Дазвол на запуск заводу
Пра тое, што скандальны акумулятарны завод пад Берасьцем усё ж могуць запусьціць, стала вядома незадоўга да акцыі 12 красавіка. 8-га красавіка кіраўніцтва «Ай-Паўэр» атрымала станоўчае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы. З гэтай нагоды дырэктар кампаніі Дзьмітры Бутаў нават зладзіў онлайн прэс-канфэрэнцыю.
«Далей мы падаём заяву на адмену распараджэньня старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму аб прыпыненьні будаўніцтва, — расказаў на ёй Бутаў. — Потым пераходзім да пусканаладачных работ: запуску тэхналягічнага абсталяваньня, падрыхтоўцы да пацьвярджэньня праектных паказчыкаў...
Далей прызначаем прыёмачную камісію і атрымліваем заключэньне пра адпаведнасьць закончанага аб’екта будаўніцтва патрабаваньням праектнай дакумэнтацыі і бясьпекі. Атрымліваем заключэньні Мінпрыроды, органаў Дзяржбуднагляду для прыёмкі ў эксплуатацыю. Апошні этап: падпісаньне акту прыёмкі абʼекта ў эксплуатацыю прыёмачнай камісіяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праект акумулятарнага заводу пад Берасьцем прайшоў экалягічную экспэртызу. Яго ўвод разблякаваліПаводле кіраўніка «Ай-Паўэр», запусьціць акумулятарны завод могуць ужо ў другім квартале 2020 году. Гэта значыць, у наступныя тры месяцы. На сайтах вакансій ужо зьявіліся абвесткі пра набор пэрсаналу. У Берасьці «Ай-Паўэр» шукае 47 спэцыялістаў.
15 красавіка, празь дзень пасьля заяваў Дзьмітрыя Бутава, стала вядома пра атрыманьне акумулятарным заводам дазволу на шкодныя выкіды ў атмасфэру.
5,7 мільёна рублёў
Будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем афіцыйна было прыпынена 14 чэрвеня 2019 году асабіста кіраўніком берасьцейскага аблвыканкаму Анатолем Лісам. Гэта адбылося неўзабаве пасьля арышту КДБ уладальніка «Ай-Паўэр» Віктара Лемяшэўскага. Сярод прычын прыпыненьня будаўніцтва называліся «выяўленыя парушэньні».
У апошнія дні 2019 году Віктара Лемяшэўскага вызвалілі з «амэрыканкі», аднак праблемы «Ай-Паўэр» у стасунках зь берасьцейскімі ўладамі ня скончыліся. 5 лютага 2020 году эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці задаволіў позву Берасьцейскага аблвыканкаму аб спагнаньні з кампаніі 5,7 мільёна рублёў, якія былі выдзеленыя «Ай-Паўэр» на самым пачатку будаўніцтва заводу. Умовай выдзяленьня грошай была своечасовая здача аб’ектаў у эксплюатацыю ў жніўні 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня пойдзем насуперак інтарэсам грамадзянаў». Улады Берасьця пра лёс акумулятарнага заводуРашэньне суду ў кампаніі Лемяшэўскага выконваць не сьпяшаліся. Спасылаліся на адсутнасьць грошай. 16 красавіка кіраўнік гарвыканкаму Берасьця Аляксандар Рагачук расказаў журналістам, што дазвол на запуск заводу мясцовыя ўлады пакуль даваць не зьбіраюцца, а 5,7 мільёна рублёў спрабуюць вярнуць прымусова.
«Аблвыканкам, а я ўвесь час на сувязі з губэрнатарам у гэтым пытаньні, не зьбіраецца мяняць сваю пазыцыю, — сказаў Аляксандар Рагачук. — І правільна робіць. Разам з тым пытаньне: ці будзе аблвыканкам адмяняць сваё распараджэньне, калі ня вырашана фінансавая спрэчка? Мне здаецца, што пэрспэктывы запуску заводу абсалютна цьмяныя. Разам з тым я вам скажу эксклюзіўную інфармацыю: аблвыканкам выставіў патрабаваньне на сьпісаньне грошай з усіх рахункаў „Ай-Пауэра“. І сёньня, літаральна дзьве гадзіны таму, першыя грошы з кампаніі былі сьпісаныя і паступілі ў гарадзкі бюджэт».
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.