Захваральнасьць на COVID-19 у Беларусі павінна зьнізіцца ў наступныя тры-чатыры тыдні. Такі погляд выказала намесьніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Натальля Жукава 19 красавіка ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ.
«Цягам двух-трох тыдняў сытуацыя ня скончыцца, мы будзем у эпідпрацэсе, — сказала Натальля Жукава. — Але хацела б адзначыць, што сытуацыя кіраваная. Ёсьць перадумовы думаць, што захваральнасьць павінна зьніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні».
Паводле яе, Міністэрства аховы здароўя можа рабіць такую выснову, паколькі адсочвае захваральнасьць на рэсьпіраторныя інфэкцыі, а каранавірус адносіцца да групы, якая выклікае падобныя захворваньні.
Яна адзначыла «вялікую працу», якая праводзіцца ў лякалізацыі асяродкаў COVID-19.
«Кожны выпадак каранавіруснай інфэкцыі разглядаецца як асяродак, і ў абавязковым парадку ажыцьцяўляецца пошук кантактаў. Такім чынам мы перарываем ланцужок распаўсюджваньня вірусу — гэта абавязковая ўмова для стрымліваньня эпідпрацэсу», — падкрэсьліла галоўная дзяржаўная санітарная доктарка.
Жукава адзначыла, што існуюць бессымптомныя або лёгкія выпадкі COVID-19, якіх выпраўляюць дамоў на «амбуляторнае лекаваньне». Пра такія выпадкі яна кажа, што «яны ня хворыя, яны толькі носьбіты», і «знаходзяцца дома, каб не распаўсюджваць хваробу». Ім выдаецца бальнічны ліст, а таксама «досыць строга» правяраецца выкананьне рэжыму самаізаляцыі.
Натальля Жукава заклікала ўсіх заставацца дома, а калі і выяжджаць, то не пашыраць колькасьць кантактаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Лунінцам і Пінскам зьявіліся пасты ДАІ з прычыны каранавірусу. ВІДЭА
Тыдзень таму прагназавалі яшчэ «два-тры тыдні» па 340–360 выпадкаў на дзень
Намесьніца міністра аховы здароўя Алены Богдан на брыфінгу 14 красавіка разважала: ў апошнія тры дні штодзень рэгіструюць прыблізна 340–360 новых выпадкаў COVID-19, і гэтыя лічбы не мяняюцца — гэта значыць, што распаўсюд вірусу не паскараецца. На падставе трох дзён яна прыйшла да высновы, што такая сытуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў».
Ніжняя мяжа «прагнозу Богдан» — 4760 новых выпадкаў, верхняя — 7560 новых выпадкаў. Агульная колькасьць выпадкаў, згодна такому прагнозу, магла неўзабаве дасягнуць 8041–10841 выпадкаў.
Але на наступны дзень пасьля заявы Богдан у Беларусі выявілі 447 новых выпадкаў, празь дзень — 476, праз два дні — 575, праз тры дні перасталі паведамляць колькасьць новых выяўленых выпадкаў і агульную колькасьць выпадкаў COVID-19 у Беларусі.
На 19 красавіка вядома толькі, што ў Беларусі 47 чалавек прызнаныя памерлымі ад COVID-19, а 494 пацыенты выпісаныя здаровымі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.