У аграгарадку Языль праводзяцца прафіляктычныя мерапрыемствы, бо вырасла колькасьць тых, хто захварэлі на вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю.
Пра гэта паведаміла газэта «Навіны Старадарожчыны».
Мэдыкі папрасілі жыхароў аграгарадка абмежаваць колькасьць кантактаў, устрымацца ад наведваньня іншых населеных пунктаў «у мэтах захаваньня здароўя членаў сваіх сем’яў і іншых людзей».
Яны таксама рэкамэндавалі перанесьці на больш позьнія тэрміны паездкі на аўтобусе ў Старыя Дарогі ў крамы «Эўраопт» і іншыя, а таксама ў грамадзкія месцы. Жыхарам Старадароскага раёну таксам рэкамэндавана ўстрымацца ад паездак у Языль.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Старшыня Языльскага сельсавету Віктар Палаўчэня сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэта не азначае, што аграгарадок закрываюць на карантын.
«Людзі ходзяць на працу. Правяралі, рабілі аналізы».
Паводле галоўнага ўрача Старадароскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Ільлі Лабачова, уся інфармацыя па каранавірусу знаходзіцца ў Міністэрстве аховы здароўя, а што да вёскі Языль, то «ніякіх мераў па каранавірусу там не праводзілася».
Загадчыца Языльскай амбуляторыі Тамара Млынарчык ад камэнтароў адмовілася.