Сьвятлане 40 год. Цяпер яна ляжыць у адным зь віцебскіх шпіталяў з пнэўманіяй. Яе 53-гадовы муж памёр у іншым шпіталі з пацьверджаным каранавірусам. Яна не змагла разьвітацца з каханым чалавекам. З дазволу жанчыны Свабода публікуе яе гісторыю.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Як захварэў Ігар»
«Спачатку ў яго была тэмпэратура і дыярэя. Гэта былі выходныя. Празь некалькі дзён усё нармалізавалася. Ён хадзіў на працу. Пачаўся невялікі кашаль, тэмпэратура скакала. Пазьней захварэла я. Проста прыйшла з працы, і пачалося... Ігару я выклікала лекара. Яна сказала піць „Ангрымакс“. Прайшло пару дзён, лепш мужу не было, я зноў выклікала лекара, не пусьціла яго на працу. Папрасіла накіраваньне на здымкі яму і мне.
Гэта было ў панядзелак, 6 красавіка. У яго знайшлі пнэўманію, у мяне — не. Ігар не хацеў класьціся ў шпіталь. Казаў, што ня вернецца адтуль. Хто б мог падумаць... Мы селі ў машыну і паехалі ў шпіталь. Машына так і стаіць там на стаянцы. Я дрэнна сябе адчувала. Правяла яго да ўваходу і пайшла на тралейбус.
Пазьней стала вядома, што тэст на каранавірус станоўчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 42 памерлі. У Беларусі прызналі 4779 выпадкаў COVID-19, плюс 575 за дзень
«Як захварэла я і памёр Ігар»
«У чацьвер, 9 красавіка, я зноў выклікала лекара, папрасіла накіраваньне на здымак. Аднак не было сілаў ісьці, вырашыла, што пайду назаўтра. Пнэўманія. Паехала ў шпіталь. У пятніцу Ігара перавялі ў інтэнсіўную тэрапію, бо не хапала паветра, каб дыхаць.
У аўторак, 14 красавіка, яго перавялі ў рэанімацыю. Я зь ім размаўляла, калі можна так сказаць. Гэта было ў 14.00. У 15.00 мне патэлефанаваў мой стрыечны брат — ён працуе ў тым шпіталі, сказаў, што стан у Ігара цяжкі, але стабільны, што дактары зробяць усё, што трэба, і падключаць да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Усё гэта было зроблена, бо Ігар перастаў падтрымліваць са мной сувязь. Я не сумняваюся, бо брат прасіў, і Ігар казаў, што калі выйдзе, то напіша падзяку лекарам. У гадзіну ночы Ігара ня стала. Раніцай я чакала званка свайго брата, ён выказаў спачуваньні. Са шпіталя мне так ніхто і не тэлефанаваў. Першы званок быў з моргу. Гэта рэаліі. Чалавек памёр у гадзіну ночы, а ў 10.00 раніцы ты нічога яшчэ ня ведаеш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранік: 90 супрацоўнікаў «хуткай» у Менску заразіліся каранавірусам, у краіне ня менш за 419 інфікаваных мэдыкаў
«Ён выцягнуў мяне з анкалёгіі»
«Амаль 8 гадоў таму Ігар выцягнуў мяне з анкалёгіі. Да мяне туды ён хадзіў, як на працу, раніцай і ўвечары. Мы многа чаго перажылі разам. Мы амаль заўсёды былі разам.
Са мной ён прыйшоў да Бога, пасьля маёй хваробы. Нягледзячы на тое, што ён быў праваслаўным, хадзіў са мной да касьцёла і да споведзі, хаця, як казала мая бабуля, „жагнаўся па-праваслаўнаму“. Бог адзін, і мы адзначалі і каталіцкія, і праваслаўныя сьвяты. Калі езьдзілі ў Мёры да маёй мамы, абавязкова заяжджалі, як ён казаў, да Ефрасіньні ў манастыр (Ефрасіньняй звалі яго маму).
Пасьля чарговага мэдагляду ў анкалёгіі ў мяне выявілі рэцыдыў. Я выйшла на працу, прайшло тры месяцы пасьля лячэньня. Зноў пачалася „хімія“. Перад гэтай праверкай мне прысьніўся сон, у якім я бачыла сьвятую Ефрасіньню, і яна сказала, што дапаможа мне.
Пасьля аднаго курсу хіміятэрапіі мяне адправілі на праверку. Каб хто-небудзь бачыў вочы доктаркі, яна была ў шоку і казала: „Потрясающий результат! Это невозможно!“ З той пары я ведаю, што ў Бога няма нічога немагчымага...
Ігар вельмі любіў касьцельныя фэсты. Мы езьдзілі ў Будслаў, Браслаў, Шуміліна. Памятаю, як ён ганарыўся, калі нёс харугву на сьвята Божага Цела. Быў у Ігара любімы анэкдот пра самога сябе. Упершыню, калі ён прыйшоў у касьцёл са мной, ня ведаў, як сябе паводзіць. Я сказала: рабі тое, што і ўсе людзі. Калі ж прыйшоў час перадаць „знак супакою“, Ігар казаў „Здравствуйте!“ Бо не зразумеў, што значыць перадаць знак супакою. Увогуле ён любіў жартаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі тэмпэратура, будзем вяртаць назад». У Пінску на Вялікдзень вырашылі закрыць горад
«Пра шпіталь. Тут мясарубка»
«У чарзе, каб трапіць у шпіталь, сядзяць ня менш як 50 чалавек. Сядзяць хворыя і здаровыя, усе разам, у масках і без, у пальчатках і без. Хто не хварэў, той захварэе, адназначна.
Паклалі, а аналіз на каранавірус бралі толькі на наступны дзень. Заўтра будзе тыдзень, тэст не гатовы. Гэта нашы рэаліі. Жудасьць, страх.
Санітаркам, мэдыцынскім сёстрам не хапае экіпіроўкі. Яны надзяваюць пампэрсы, наверх — адзеньне, а яшчэ наверх, як я кажу, „парнік“ (засьцерагальны касьцюм — РС). У такім адзеньні цяжка нават проста хадзіць, ня тое што працаваць. Гэта рэаліі.
Часам мы чакаем доўга, бо няма сыстэмаў, каб паставіць кропельніцы. Бывае, яны выкарыстоўваюць сыстэмы двойчы, проста пакідаюць іх на тумбачках. Гэта рэаліі. Мне цяжка ўсё гэта пісаць, шмат думак, перажываньняў, успамінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркіЯ пішу гэта ўсё дзеля таго, каб вы бераглі блізкіх і кожную хвіліну, якую праводзіце разам, каб усе зразумелі, што гэтая зараза ёсьць у Беларусі, што ўсё сур’ёзна. Ну і, канечне, у памяць аб маім мужу...
Дзякую ўсім дарагім людзям за малітвы, за вашу падтрымку, за тое, што вы ёсьць у маім жыцьці. Мне ж толькі застаецца прыняць волю Ўсёмагутнага».
* * *
З вокнаў шпіталя, у якім ляжыць Сьвятлана, відаць могілкі, на якіх сёньня пахавалі яе мужа.
У Віцебскай вобласьці на 16 красавіка выявілі 1282 выпадкі заражэньня каранавірусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 42 памерлі. У Беларусі прызналі 4779 выпадкаў COVID-19, плюс 575 за дзень
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ